Суд апраўдаў аршанскага актывіста
https://spring96.org./be/news/34569
2010
2010-06-30T09:43:00+0300
2010-06-30T09:43:00+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Справу Руслана Канавалава, якога вінавацілі ў незаконным распаўсюдзе друкаваных выданьняў, аршанскі гарадзкі суд спыніў праз адсутнасьць доказаў.
Судзьдзя Тацяна Герасімовіч спыніла справу, ініцыяваную супраць моладзевага актывіста супрацоўнікамі аршанскай транспартнай міліцыі.Нагодай для судовага разгляду сталіся падзеі 30-га красавіка. Супрацоўнікі транспартнай міліцыі затрымалі Руслана Канавалава на аршанскім вакзале ды канфіскавалі ў яго 1700 балёнікаў зь лягатыпам кампаніі «Гавары праўду», а таксама каля тысячы ўлётак з партрэтам паэта Ўладзімера Някляева, лідэра гэтай грамадзкай кампаніі.
Пазьней, 11 траўня, на моладзевага актывіста склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 — за незаконны распаўсюд пэрыядычных друкаваных выданьняў. Хаця Руслан Канавалаў толькі прывёз зь Менску ўсе гэтыя агітацыйныя матэрыялы на просьбу яшчэ аднаго мясцовага актывіста, Алеся Шутава, і фактаў распаўсюду не было.
Паветраныя балёнікі міліцыянты вярнулі яшчэ ў траўні. Аднак улёткі ўсё ж аднесьлі да катэгорыі пэрыядычных друкаваных выданьняў. Гэта сёньня ўдалося аспрэчыць падсуднаму Руслану Канавалаву і сьведку ў судовым працэсе — Алесю Шутаву.
Цяпер актывісты мяркуюць пісаць скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў, якія канфіскоўвалі балёнікі ды ўлёткі. Канфіскаванае дагэтуль захоўваецца недзе ў пастарунку.
Падобная судовая справа чакае і віцебскіх актывістаў кампаніі «Гавары праўду». У той самы дзень, 30-га красавіка, міліцыянты канфіскавалі прывезеныя зь Менску агітацыйныя матэрыялы і на віцебскім чыгуначным вакзале.