Freedom House: Беларусь стала больш дэмакратычнай краінай
Freedom House апублікавала штогадовы даклад «Дзяржавы ў пераходным стане» (Nations in Transit), прысвечаны станоўчым і адмоўным зменам становішча з правамі чалавека і дэмакратыяй у свеце за 2009 год.
У рэйтынгу за 2009 год Беларусь набрала 6,50 бала, што на 0,07 бала больш, чым у 2008-м годзе. Гэта лепшы паказчык за апошнія сем гадоў. Па методыцы арганізацыі Беларусь атрымала 6,75 за выбарчы працэс, дзяржаўнае і мясцовае кіраванне, незалежнасць юрыдычнай сістэмы, 6,00 за грамадзянскую супольнасць і карупцыю, 6,50 за незалежныя СМІ.
Пяць паказчыкаў Беларусі (выбарчы працэс, дзяржкіраванне, мясцовае кіраванне, незалежнасць юрыдычнай сістэмы, карупцыя) засталіся на ранейшым узроўні, 2 (грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ) палепшыліся на 0,25 бала кожны.
Freedom House ацэньвае сітуацыю з правамі чалавека ў краінах па наступным крытэрам: выбарчае права, развіццё грамадзянскай супольнасці, свабода СМІ, дэмакратычнасць цэнтральнай улады, дэмакратычнасць мясцовай улады, незалежнасць судоў, карупцыя. Па кожнаму з крытэраў арганізацыя прысвойвае ацэнкі ад 1 да 7 балаў (ад лепшага да горшага). Адпаведна, чым менш краіна набірае балаў, тым больш свабоднай яна лічыцца. Агульны рэйтынг вынікае з сярэдняга арыфметычнага ўсіх ацэнак.
Паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Freedom House фіксуе ўпершыню за сем апошніх гадоў.