Судовыя справы віцебскіх актывістаў "Гавары праўду" спыненыя
Справу Лідзіі Сагідулінай Чыгуначны райсуд Віцебску скасаваў з прычыны недаказанасьці, а справу Галіны Багданавай — праз адсутнасьць складу правапарушэньня.
Складзеныя два месяцы таму пратаколы за незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў ня стаў разглядаць як падставу для пакараньня.
У суд зьявілася толькі Лідзія Сагідуліна. Яе сяброўка Галіна Багданава знаходзіцца ў санаторыі за межамі краіны. Паводле спадарыні Лідзіі, 30 красавіка, у дзень складаньня пратаколу, іх абедзьвюх затрымалі міліцыянты недалёка ад чыгуначнага вакзалу.
Спадарыні вярталіся зь Менску. Міліцэйскі патруль, як паказаў сьведка Ягор Баброўскі, у тую раніцу праводзіў рэйд па барацьбе зь незаконным транспартаваньнем алькаголю. Чаму пад увагу трапілі дзьве жанчыны зь невялікімі плястыкавымі пакетамі, міліцыянт не патлумачыў. Але як толькі ў пакетах былі заўважаны балёнікі зь лягатыпам кампаніі "Гавары праўду" і буклеты з партрэтам Уладзімера Някляева, гаспадыню рэчаў Галіну Багданаву і яе спадарожніцу Лідзію Сагідуліну тут жа даставілі ў Чыгуначны РАУС.
Там і быў складзены пратакол паводле артыкула 22.9 — за незаконны распаўсюд друкаванай прадукцыі.
Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў спыніў справы супраць актывістак, нават ня выслухаўшы меркаваньняў Лідзіі Сагідулінай пра тое, што ні буклеты, ні тым больш паветраныя балёнікі пэрыядычнымі друкаванымі выданьнямі не зьяўляюцца. Цяпер спадарыня Сагідуліна плянуе дамагчыся таго, каб міліцыянты вярнулі канфіскаваную агітацыйную прадукцыю кампаніі "Гавары праўду".