viasna on patreon

Гомельская міліцыя ўгледзела "інфармацыю антыпалітычнай накіраванасці" ў віншавальных паштоўках

2010 2010-07-27T12:30:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/paplauny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Анатоль Паплаўны

Праваабаронца Анатоль Паплаўны

26 ліпеня  каля 18.00 гадзін у Гомелі былі затрыманыя каля дзесяці ўдзельнікаў акцыі, прымеркаванай да 20-ай гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Сярод затрыманых знаходзіўся і прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Анатоль Паплаўны.

Па словах праваабаронцы, падчас распаўсюду віншавальных паштовак на плошчы абласнога цэнтра “Паўстанне” за акцыяй назіралі незнаёмыя людзі ў цывільным, якія  затрымалі яго і сябра БНФ Валеры Рэпніна. Актывістаў даставілі ў пастарунак, дзе ў тэксце паштовак знайшлі "інфармацыю антыпалітычнай накіраванасці".

У віншавальных паштоўках было напісана, што "27 ліпеня 1990 года ў Менску была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да самастойнасьці Беларусі. Менавіта ад гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. Праблема незалежнасьці Беларусі самым непасрэдным чынам зьвязаная з дэмакратыяй, з дабрабытам і свабодай кожнага асобнага чалавека. Незалежнасьць нашай дзяржавы – гэта адзін з галоўных чыньнікаў і гарантыя пабудовы свабоднага, дэмакратычнага грамадзтва. Лёгіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасьць краіны стане велізарнай каштоўнасьцю ўсяго беларускага народа".

- Канфіскацыя віншавальных паштовак адбывалася з шматлікімі парушэннямі адміністратыўнага кодэксу, - распавядае А.Паплаўны. - Не было панятых, таксама ў пратаколе не быў выкладзены тэкст канфіскаваных паштовак. Адміністратыўных пратаколаў на нас пакуль не склалі, але ж, як мы мяркуем, міліцыянты будуць раіцца з вышэйстаячым кіраўніцтвам, пасля чаго і будзе прынята канчатковае рашэнне.

Праваабаронца падкрэслівае, што затрыманне адбылося з удзелам тых міліцыянтаў, якія  затрымлівалі грамадскіх актывістаў у мінулым годзе 16 верасня падчас акцыі, прымеркаванай да дзесяцігоддзя знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Краскоўскага. Тады усе актывісты атрымалі буйныя штрафы.

Дзвюма гадзінамі раней у Гомелі  затрымалі грамадскага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, які быў спынены супрацоўнікамі міліцыі з-за надпісу "За Беларусь без Лукашэнкі" на майцы.
 
Таксама ў гэты ж час у іншых месцах абласнога цэнтра былі затрыманыя дэмакратычныя актывісты Васіль Палякоў, Юрась Глушакоў і Ларыса Шчыракова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства