Актывісты супраць праекта забудовы в.Гандлёвай у Мінску
Рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і архітэктуры прыняло заяву, у якой выказвае абурэнне рашэннем навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры Беларусі.
Па выніках пасяджэння быў узгоднены афіцыйны праект па рэканструкцыі вуліцы Гандлёвай у гістарычным цэнтры сталіцы.
Як тлумачыць адзін з аўтараў заявы Антон Астаповіч, цяпер вуліцу забудуюць старажытнымі муляжамі з сучасным дызайнам. Альтэрнатыўны праект, прапанаваны спецыялістамі з таварыства, быў адхілены:
– З аргументацыяй, што ўкладзены вялікія бюджэтныя грошы ў праектаванне, з аргументацыяй з боку намесніка старшыні камітэта архітэктуры Мартынава, што мы павінны разглядаць гэты праект, прыгожы ён ці не, адкінуўшы ўсе прававыя і метадычныя аспекты, у сувязі з тым, што навуковы кіраўнік праекта Наталля Баранец і сябра навукова-метадычнай рады Сяргей Багласаў нават сфальсіфікавалі пэўныя гістарычныя дадзеныя ў сваіх выступах, яны ўсё ж прынялі рашэнне зацвердзіць за аснову варыянт мінскпраекта.
Са слоў Антона Астаповіча, неяк абскардзіць рашэнне рады пры міністэрстве і дамагчыся прыняцця альтэрнатыўнага праекта рэканструкцыі практычна немагчыма. Старшыня таварыства аховы помнікаў мяркуе, што гэта рашэнне – яшчэ адзін крок да поўнага знішчэння гістарычнага цэнтру беларускай сталіцы.