Берасьце: дэмакратычныя актывісты супраць міліцыянэраў
Суд Ленінскага раёну Берасьця разглядае скаргу Віктара Чайкоўскага, лідэра берасьцейскага руху "Пэрспэктыва", і Валянціна Лазарэнкава, сябра партыі БСДПГ, на незаконныя, як лічаць актывісты, дзеяньні міліцыянтаў.
Супрацоўнікі аддзелу ўнутраных спраў на транспарце паводле ананімнага
званка затрымалі актывістаў на чыгуначным вакзале, калі тыя вярталіся зь
Менску з канфэрэнцыі. Спадароў Чайкоўскага і Лазарэнкава абшукалі, а
нічога не знайшоўшы — адпусьцілі. Рашэньне суду па гэтай справе можа
быць абвешчана сёньня.
Міліцыянты сьцьвярджаюць, што яны атрымалі
ананімны званок з паведамленьнем, нібыта спадар Чайкоўскі перавозіць
антыдзяржаўную літаратуру. Пазьней у пратаколе было пазначана, што Валянцін Лазарэнкаў і Віктар Чайкоўскі
перавозілі літаратуру, якая абражае гонар кіраўніка краіны. Тым ня менш
нават пры асабістым аглядзе ніякай літаратуры не знайшлі.
Віктар Чайкоўскі, лідэр берасьцейскай суполкі руху прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва", кажа, што міліцыянт у іхнай прысутнасьці некаму патэлефанаваў і сказаў, што адбыўся пракол. Чайкоўскі мяркуе, што затрыманьнем кіравалі спэцслужбы. Ніякіх ілюзіяў наконт рашэньня суду няма.
Валянцін Лазарэнкаў і Віктар Чайкоўскі настойваюць таксама на тым, каб міліцыянты распавялі і пра ананіма, які паведаміў пра перавоз літаратуры. Пакуль суд адмаўляе ў гэтым хадайніцтве.
***
Суд Ленінскага раёну Берасьця вынес азначэньне па скарзе Віктара
Чайкоўскага, лідэра берасьцейскага прадпрымальніцкага руху
"Пэрспэктыва", і Валянціна Лазарэнкава, сябра партыі БСДПГ.
Паводле судзьдзі, справа спынена ў сувязі зь непадведамнасьцю гэтай справы суду. На думку праваабаронцы Рамана Кісьляка, такім чынам суд знайшоў магчымасьць не разглядаць справу супраць міліцыянтаў:
"Паводле
адміністрацыйнага кодэксу справа была фактычна адразу ж і спынена
пасьля затрыманьня і асабістага агляду. Такім чынам, у грамадзян
перастала існаваць магчымасьць абскарджваць гэтае рашэньне паводле КААП.
Тым ня менш гэта ня значыць, што ў справе пастаўлена кропка. Ёсьць
вышэйстаячыя інстанцыі, куды справа будзе перададзена на разгляд".