"Рэпарцёры без межаў" і Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікалі аднавіць расследаванне абставінаў знікнення беларускага аператара расійскага канала ОРТ Дзмітрыя Завадскага.
27 лютага кіраўнік следчай групы Іван Бранчаль пісьмова паведаміў Святлане Завадскай пра спыненне расследавання, бо "без вестак знікшая асоба не знойдзена". Дзмітрый Завадскі знік 7 ліпеня 2000 г.
Журналісцкія арганізацыі звярнуліся да Бранчаля з лістом, у якім адзначылі, што гэтае рашэнне парушае міжнародныя прававыя нормы, а таксама пазбаўляе сям'ю Завадскага (яго жонку, маці і сына) права даведацца праўду пра тое, што з ім здарылася.
Журналісцкія арганізацыі лічаць, што спыненне расследавання супярэчыць Дэкларацыі Генеральнай Асамблеі ААН аб абароне людзей ад гвалтоўных знікненняў (Рэзалюцыя 47/133) ад 18 снежня 1992 г. Артыкул 17 Рэзалюцыі абвяшчае, што "дзеянні, якія складаюць гвалтоўнае знікненне, павінны лічыцца цяглым, няскончаным злачынствам та таго часу, покуль злачынцы працягваюць хаваць інфармацыю пра лёс і месца знаходжання зніклых людзей і покуль гэтыя факты застаюцца нявысветленымі".
Рэгіянальныя арганізацыі, такія як Еўрапейскі і Міжнародны суды па правах чалавека, неаднаразова пастанаўлялі, што праз тое, што гвалтоўныя знікненні паводле сваёй натуры з'яўляюцца "цяглымі, няскончанымі злачынствамі", дзяржаўныя органы павінны працягваць пошукі да таго часу, покуль зніклы не будзе знойдзены.
"Рэпарцёры без межаў" і Беларуская асацыяцыя журналістаў лічаць, што судовае разбіральніцтва, якое скончылася 16 ліпеня 2002 г. пажыццёвым зняволеннем былога кіраўніка атраду спецыяльнага прызначэння МУС Валерыя Ігнатовіча, не выявіла канкрэтных абставінаў знікнення Дзмітрыя Завадскага, а таксама асоб, што замовілі яго знікненне.
Адмысловы камітэт Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, створаны для расследавання знікнення дзеячаў апазіцыі ў Беларусі заявіў у сваім дакладзе ад 27 лістапада 2002 г., што беларускія ўлады да гэтага часу не далі дастатковай інфармацыі пра знікненне журналіста.
Завадскі быў асабістым тэлеаператарам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у 1996 г. ён звольніўся з Беларускага тэлебачання і пачаў працаваць на расійскі канал ОРТ. У 1997 годзе пасля рэпартажа пра кепскую ахову беларуска-літоўскай мяжы ён разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам цягам 2 месяцаў знаходзіўся ў зняволенні.
У 2000 г. Завадскі паведаміў, што Ігнатовіч падчас вайны ў Чачэніі
ваяваў на баку чачэнцаў. Беларускія ўлады сцвярджаюць, што гэта
з'явілася прычынай гібелі Завадскага.
Прэс-служба ГА "БАЖ"