На Гомельшчыне працягваецца ціск на прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча
На Гомельшчыне распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў кандыдата на прэзыдэнта ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча зноў пад уціскам. Іх абвінавачваюць у арганізацыі недазволеных пікетаў ды сустрэч з выбаршчыкамі.
27 лютага юрысконсульт Рагачоўскага райвыканкаму Людміла Барбалюк накіравала ў раённы суд пратаколы ў дачыненьні Ўладзімера Хадасевіча і Ўладзімера Тамковіча, распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча і газэтаў “Народная воля” з ягонай праграмай. Спадароў Хадасевіча і Тамковіча абвінавацілі ў парушэньні выбарчага заканадаўства – арганізацыі 26-га лютага на рынку “Маскоўскі”сустрэчы з выбаршчыкамі і распаўсюдзе, як сказана, “агітацыйнай інфармацыі” ў ня вызначаным месцы.
Пры састаўленьні пратаколаў юрыст райвыканкаму спасылалася на рашэньне райвыканкаму №143 за 13 лютага 2006 году і артыкул 167, ч.3 Адміністрацыйнага кодэксу.
Таксама ў Гомелі а 13-й гадзіне ля Беларускага ўнівэрсытэту транспарту невядомая жанчына, якая выйшла з будынку ўнівэрсытэту, вырвала з рук агітатара Кірыла Кабякова буклеты Аляксандра Мілінкевіча і канфіскавала іх.