“Спецаперацыя” жодзінскай міліцыі па дастаўцы ў суд распаўсюдніка незалежнага выдання
27 кастрычніка ў 11 гадзін на працу да Андрэя Зубры, які працуе ў канструктарскім аддзяленні ПВ «БелАЗ» у Жодзіне, нечакана з’явілася міліцыя. Супрацоўнік Жодзінскага ГАУС капітан Заяц, маючы на руках пратакол допыту актывіста, затрыманага 27 верасня з 216 асобнікамі незалежнага выдання «Тут і цяпер», запатрабаваў ад яго спыніць працу і накіроўвацца разам з ім у суд. Андрэй Зубра быў уражаны тым, што афіцэр міліцыі нават не паспрабаваў папярэдне даслаць позву, а вырашыў гэтак тэрмінова зрываць яго з працоўнага месца, каб даставіць на судовае паседжанне. Андрэй паспрабаваў высветліць у супрацоўніка ГАУС, на якіх падставах ён з’явіўся да яго на працу і сваімі дзеяннямі дыскрыдытуе яго ў вачах працоўнага калектыву. Пасля гэтага малады чалавек запатрабаваў, каб капітан жодзінскай міліцыі дзейнічаў у межах вызначанай законам працэдуры. Супрацоўнік праваахоўных органаў быў вымушаны выпісаць А. Зубру позву з патрабаваннем з’явіцца ў Жодзінскі ГАУС а 15-ай гадзіне, а сам выклікаў машыну з суправаджэннем. У выніку Андрэя Зубру на вачах у здзіўленых супрацоўнікаў прадпрыемства капітан міліцыі фактычна забраў з тэрыторыі прадпрыемства, накіраваўшыся ў Жодзінскі ГАУС.
У аддзяленні міліцыі ўсё той жа капітан Заяц на вачах актывіста знішчыў складзены раней пратакол, падпісаны Андрэем 27 верасня. Супрацоўнік міліцыі спрабаваў атрымаць ад А.Зубры нейкія новыя паказанні, але малады чалавек адмовіўся ад гэтага. У выніку новы пратакол быў запоўнены самім капітанам пры поўным маўчанні затрыманага. Адразу пасля гэтага капітан запрасіў Андрэя да падпалкоўніка Сяўца, які нечакана выклікаў машыну ў суд. Пры гэтым Андрэю нічога не паведамлялася асабіста: пра тое, куды яго павязуць, ён здагадаўся толькі з перамоваў супрацоўнікаў міліцыі паміж сабою. Такім чынам, у 16 гадзін актывіст тэрмінова быў дастаўлены ў Жодзінскі суд, дзе пачалося судовае разбіральніцтва па абвінавачанні яго ў незаконным распаўсюдзе сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ).
Судовае разбіральніцтва праводзіў дзяжурны суддзя Грынкевіч.
На пачатку працэса А.Зубра адразу заявіў некалькі хадайніцтваў, але ніводнае з
іх не было задаволена судом.
У прыватнасці, не было задаволена хадайніцтва аб правядзенні судовага
паседжання на беларускай мове. Не адмаўляючыся ў прынцыпе ад такой магчымасці,
тым не менш, суддзя, спасылаючыся на існуючае двухмоўе і разуменне ўсімі рускай
мовы, праводзіў працэс па-руску.
У якасці сведкаў на паседжанні выступілі два супрацоўнікі жодзінскай міліцыі. Яны распавялі, як затрымлівалі Андрэя Зубру з пакункам незалежнага выдання «Тут і цяпер» і запэўнівалі суддзю ў тым, што дадзенае выданне выглядала, як «забароненае на нашай тэрыторыі». У якасці аргументаў яны адзначылі тое, што «выданне надрукавана па-беларуску, у выпуску былі заўважаны словы «прэзідэнт» і «выбары», таму ва ўсім гэтым адразу праглядаўся нейкі апазіцыйны падтэкст». Паседжанне ў той дзень не завершылася і было перанесена на 29 кастрычніка.
Надчас другога паседжання А.Зубра зноў заявіў шэраг хадайніцтваў, і на гэты раз яны былі задаволены. У выніку ён змог азнаёміцца з матэрыяламі справы і ўважліва праглядзець усе працэсуальныя дакументы. Андрэй Зубра змог таксама апісаць суду сваё бачанне сітуацыі і прадставіць прававыя доказы. Ім была звернута ўвага суда на тое, што арт. 22.9 КаАП, на якім грунтуецца абвінавачванне, не прадугледжвае пакарання за тое, што было зафіксавана ў міліцыі і прадстаўлена ў судовым паседжанні ў выглядзе адміністратыўнага матэрыялу. Было адзначана, што ў ч.2 арт. 22.9 КаАП размова ідзе пра выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі - як сукупнасць дзеянняў, за парушэнне ўтаноўленага парадку якіх прадугледжваецца адпаведнае адміністрацыйнае пакаранне.
Суд рыхтаваў пастанову прыкладна напрацягу 10 хвілінаў. У выніку пастановай Жодзінскага суда было фактычна пацверджана, што разглядаемы ў судзе адміністрацыйны матэрыял, падрыхтаваны Жодзінскім ГАУС, не адпавядае сутнасці выкладзенага ў ч.2 арт. 22.9 КаАП правапарушэння. Матэрыялы справы суддзя вырашыў вярнуць у ГАУС на дапрацоўку, адзначыўшы, што “службовай асобай, якая складала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, не выкананы патрабаванні па ягоным змесце.”
Дапамогу і кансультацыі Андрэю Зубру падчас усяго развіцця справы аказваў жодзінскі праваабаронца Аляксей Лапіцкі, якога, аднак, не дапусцілі ў судовы працэс у якасці прадстаўніка.