23 красавіка ў эфір выйшаў апошні выпуск навінаў папулярнага ў Магілёве недзяржаўнага тэлеканалу "Другі тэлеканал". Такім чынам завяршылася гісторыя перасьледу недзяржаўнага канала вяшчаньня, распачатага Магілёўскім Дзяржкантролем месяц таму. “Тыдзень з Магілёўскай вобласьцю” інфармацыйны агляд №15(82)
Дзяржкантроль у часе фінансавай праверкі канала, якая дарэчы, супала з прэтэнзіямі Упраўленьня КДБ да страйкавага сюжэту з Магілёўскага мэталургічнага заводу, зацікавіўся адсутнасьцю ў канала санітарных сэртыфікатаў на тэхналягічнае абсталяваньне. Довады канала аб тым, што ўсё абсталяваньне (замежнае ў асноўным) увезенае ў краіну і набытае цалкам законна, на кантралёраў не зрабілі ніякага ўражаньня. Апэратыўна адбылося паседжаньне гаспадарчага суду, пастановай якога абсталяваньне каналу, а гэта 28 адзінак спэцыяльнай тэхнікі, было канфіскаванае. За канал імкнуліся заступіцца абодвы -- абласны і гарадзкі -- старшыні выканкамаў. На нейкі час справа канфіскацыі замарудзілася. Аднак у сераду з Менску (!) дырэктар канала А.Астапаў атрымаў распараджэньне даставіць абсталяваньне ў сталіцу, у распараджэньне Дзяржкантролю. "Другому тэлеканалу" больш за 7 гадоў. Найбольш прывабнай ягонай прадукцыяй былі "Гарадзкія навіны", што выходзілі тройчы на тыдзень на беларускай мове.Шмат увагі ў іх журналісты каналу надавалі крытычным пытаньням камунальных службаў, а таксама -- асьвятленьню праблемаў сацыяльнага жыцьця. Генадзь Суднік