29 студзеня з амерыканкі вызвалены Някляеў
У 22.35 экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева кагэбісты завялі ў ягоную кватэру. Карэспандэнт «Нашай Нівы» паспеў задаць па дарозе да пад'езду толькі пару пытанняў, але Някляеў адразу папярэдзіў, што не мае права даваць інтэрв’ю.
«Вялікі дзякуй усім! Удзячны за падтрымку», — сказаў ён найперш.
«Як Вы правялі гэты месяц у СІЗА КДБ?» — запытаўся карэспандэнт «Нашай Нівы». — «Там было няпроста», — паспеў адказаць Някляеў. І яго завялі ў пад’езд, куды доступ журналістам быў перакрыты.
Каля будынка — Някляева чакалі каля 15 журналістаў і чацвёра прыхільнікаў апазіцыі.
Якія эмоцыі выклікала вяртання мужа ў родныя сцены ў Вольгі Някляевай? Што дазваляецца Уладзіміру Някляеву, і што яму забаронена? Як сям'я наладзіла побыт, улічваючы тое, што ў суседнім пакоі атабарыліся незвычайныя госці — спецслужбісты, якія сочаць за палітыкам? Пра ўсё гэта — у відэа НН.