Вазьняк: “Мяне там ня білі, на "ластаўку" ня ставілі”. Дзьмітрыеў ад камэнтароў адмовіўся
На прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай першым угодкам кампаніі "Гавары праўду!", журналісты запыталіся ў Сяргей Вазьняка і Андрэя Дзьмітрыева, якія таксама знаходзіліся ў ізалятары КДБ, ці ўжываліся ў дачыненьні іх катаваньні.
Сяргей Вазьняк сказаў, што меры фізычнага ўзьдзеяньня ў сьледчым ізалятары асабіста да яго не ўжываліся. Але, на ягоную думку, тут важнае пытаньне: што лічыць катаваньнем?
Мяне там ня білі, на "ластаўку" ня ставілі. Але ці зьяўляецца
катаваньнем, што цягам месяца не атрымліваеш лісты і твае лісты не
даходзяць? Ці зьяўляецца катаваньнем тое, што паводле заканадаўства
чалавек можа зьвяртацца па дапамогу да адваката, а адваката па некалькі
месяцаў не дапускаюць і ня робяць сьледчых дзеяньняў? Ці зьяўляецца
катаваньнем, што няма прыбіральні ў камэры? Ці калі адбываецца вобшук,
які там называюць "шмонам", чалавека распранаюць дагала і прымушаюць
прысядаць? Само знаходжаньне ў сьледчым ізалятары — вельмі цяжкае
псыхалягічнае выпрабаваньне", - задаецца пытаньнямі Вазьняк.
Андрэй Дзьмітрыеў наўпрост на пытаньне адказваць адмовіўся:
"Алесь сёньня ўзьняў вельмі важную і хваравітую тэму, і гэта яго сьмелае рашэньне. Што тычыцца мяне, то з самага першага дня, як выйшаў на так званую свабоду, я разумеў, што там застаюцца людзі... Робячы такія заявы, трэба быць цалкам упэўненым, што яны не нашкодзяць іншым. Асабіста я лічу, што гэта можа ім нашкодзіць, таму я не лічу патрэбным гэта камэнтаваць".