Зміцеру Дашкевічу на развітанне з маці далі паўгадзіны
28 красавіка Зміцера Дашкевіча прывезлі ў слуцкі морг у кайданках і пад канвоем. Маці Зміцера не стала ў ноч на 26 красавіка. Адміністрацыя СІЗА дазволіла лідэру “Маладога фронту”, асуджанаму “за асабліва злоснае хуліганства”, развітацца з маці, аднак на пахаванне не адпусціла.
Як паведамляецца на сайце незалежнай рэгіянальнай газеты “Інфа-Кур’ер”, на развітанне з маці Зміцеру адвялі паўгадзіны. Каля слуцкага моргу працавала каля пятнаццаці прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Фотаздымка падчас знаходжання зняволенага была забароненая. Дворык морга і яго памяшканне былі зачыненыя для доступу.
Людзі, якія прыйшлі выказаць спачуванне сваякам і родным памерлай, перадалі праз супрацоўніцу морга чатыры гваздзікі, каб Зміцер палажыў іх у труну маці. Яны толькі здалёк змаглі ўбачыць патыліцу Зміцера Дашкевіча і заўважылі, што той вельмі схуднеў.
Пасля развітання з маці Зміцера даставілі ў СІЗА. 5 траўня ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца перагляд крымінальнай справы лідэра “Маладога фронту”.
“Праваабарончая хроніка”