У Барысаве «Стоп-Бензін»-2 праваліўся
Учорашняя акцыя «Стоп-Бензін» -2, запланаваная як масавы пратэст кіроўцаў супраць неабгрунтаванага падаражэння бензіну, не сабрала ў Барысаве і пяцёркі ўдзельнікаў.
Як з'едліва прымеціў адзін з вельмі нешматлікіх удзельнікаў акцыі барысаўчанін Міхаіл, «мабыць, барысаўскіх уладальнікаў аўто задавальняе павышэнне коштаў на бензін". З яго слоў, даведацца аб акцыі можна было з інфармацыі, загадзя змешчанай на мясцовым незалежным сайце ex-Press.by. «Я даведаўся пра тое, што «Стоп-Бензін »-2 будзе пачынацца а восьмай вечара на АЗС у мікрараёне Лядзішча, менавіта дзякуючы сайту. Прыехаў за пару хвілін да восьмай. На квитку за куплю двух літраў бензіну ў мяне стаіць час -20:02. Бензін купляў за дробныя купюры ... Агледзеўся. І нікога з паплечнікаў не ўбачыў. А цэлы дзень кожнаму знаёмаму ўладальніку аўтамабіля прапаноўваў падтрымаць акцыю! Мабыць, усіх задавальняе, што цэны на бензін павышаюць - на колькі захочуць і калі захочуць».
Другая ўдзельніца акцыі, аўтааматарка Алена, якая таксама на запраўцы не ўбачыла масавасці пратэстуючых кіроўцаў, толькі ўздыхнула: «Шкада, што не здолелі арганізавацца. Няўжо так ужо гэта страшна?».
Па сведчанні жыхароў горада, у Барысаве 28 красавіка было заўважана толькі тры машыны з плакатам «Стоп-Бензін»-2.
"Праваабарончая хроніка"