Зьмітра Дашкевіча адправяць ў калёнію ў Горках
Вызначана калёнія, дзе будзе адбываць пакараньне старшыня "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч. Актывіст "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка зьмяніў адваката і рыхтуецца да падачы касацыйнай скаргі на прысуд. Лісты ад вязьня Аляксандра Класкоўскага зноў даходзяць зрэдку.
Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч будзе адбываць свой тэрмін зьняволеньня ў калёніі ў райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласьці. Пра гэта Свабодзе паведаміла 30 красавіка Наста Палажанка з "Маладога фронту".
З апошняга ліста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка таксама даведалася,
што яго перавялі ў іншую камэру, з горшымі ўмовамі ўтрыманьня. У гэтай
камэры знаходзіцца 40 вязьняў, ў паловы няма свайго ложку, адпаведна
сьпяць вязьні па чарзе.
"Зьміцер пісаў, што зноў давядзецца
прызвычайвацца да іншага парадку дня. Але бадзёрасьці не губляе, піша,
што зноў адчуе сябе сапраўды за кратамі, а не недзе ў адпачынку."
Нязручнасьці
ў турэмных умовах супалі для Дашкевіча з цяжкім пэрыядам ў асабістым
жыцьці – нядаўна у Зьмітра памерла маці. Наста Палажанка кажа, што трэба
дамагацца, каб судзьдзі, разглядаючы касацыйную скаргу вязьня, ўлічылі
новыя абставіны.
"Асабіста буду хадзіць па ўсіх гэтых
інстанцыях і патрабаваць, бо ў Зьмітра застаўся адзін бацька інвалід,
які жыве ў Старых Дарогах. З другой ступеньню інваліднасьці, з пратэзам
нагі чалавек. Яму безумоўна складана знаходзіцца аднаму, амаль
нерэальна. Патрэбны чалавек, які б за ім прыглядаў. І таму мы
спадзяемся, што гэта нейкім чынам паўплывае ці на касацыйную скаргу, ці
на далейшыя абскарджаньні прысуду."