28 красавіка а 10.00 ў Вярхоўным судзе працягнецца разгляд справы аб ліквідацыі найстарэйшай беларускай творчай арганізацыі Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Падставай для пазову Міністэрства юстыцыі стала адсутнасьць арыгіналу статуту, няправільна аформленая пячатка, герб "Пагоня" на шыльдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а таксама правядзеньне ў будынку Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", хаця будынак і не належыць СБП. Папярэдняе паседжаньне адбылося 6 красавіка, але было адкладзенае на 13 красавіка ў зьвязку з заменай адваката грамадзкай арганізацыі. У прызначаны дзень Вярхоўны Суд зноў адклаў слуханьні да 28 красавіка.
Сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў перакананыя: пазоў аб ліквідацыі арганізацыі зроблены на карысьць навастворанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом.
Варта нагадаць, што 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, якое з 1997 году зьяўляецца ўладальнікам будынку і дамагаецца высяленьня кіраўніцтва Саюзу з Дому літаратара, а таксама патрабуе выплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.
Такім чынам, улады працягваюць аказваць ціск на аўтарытэтную незалежную арганізацыю.