viasna on patreon

Машчаніцкая справа: як ледзь не былі расстраляны невінаватыя

2011 2011-05-31T11:53:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sm_kara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шэсць гадоў таму ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна адбылося жудаснае забойства сям’і з шасці чалавек, у тым ліку двух маленькіх дзетак. Забойцы не знойдзены да гэтай пары, злачынства застаецца нерасследаваным.

Нагадаем, што ў ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна была забіта сям’я з шасці чалавек, у тым ліку двое маленькіх дзяцей. Праз дзень былі затрымана пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай жа вёскі, ім неўзабаве было прад’яўлена абвінавачванне ў забойстве. Расследванне па справе цягнулася амаль паўтары гады, пасля адзінаццаць месяцаў у Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава ішоў судовы працэс. Па выніках судовага разгляду пракурор патрабаваў для двух абвінавачаных выключную меру пакарання – растрэл, для трох іншых – пажыццёвае зняволенне.

Аднак 2 лістапада 2007 года судовая калегія Магілёўскага абласнога суда ўсім пецярым хлопцам у сувязі з недаказанасцю віны вынесла апраўдальны прысуд. Адзін з падсудных – Аляксандр Клепча – быў вызвалены з пад варты ў зале суда, астатнія чацвёра былі пакараныя тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў 2 месяцаў за іншыя злачынствы: крадзяжы, сэксуальныя адносіны з непаўнагадовымі, спробу згвалтавання, хуліганства. Пазней адбылося паседжанне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які пакінуў прысуд Магілёўскага абласнога суда без змен.

На працягу 2008 года былі вызвалены трое іншых затрыманых па “машчаніцкай справе”: Генадзь Салаўёў і Сяргей Юшкевіч былі вызвалены па амністыі напрыканцы траўня 2008 года, Мікалай Ракуцін быў вызвалены ўмоўна–датэрмінова з Вейнянскай калоніі 26 верасня 2008 г. Пакуль працягвае знаходзіцца ў зняволенні апошні з былых абвінавачаных у забойстве Павел Паўлючэнка, які згодна рашэння суда атрымаў тэрмін у 10 гадоў і два месяцы за шэраг здзейсненых злачынстваў.

Справа набыла вялікі рэзананс у грамадстве. Восенню 2008 года з хлопцамі, якія ледзь не былі растраляны за злачынства, якое яны не здзяйснялі, сустрэлася прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” (“Міжнародная амністыя”) у Беларусі Хізэр Макгілл. Хлопцы расказалі пра здекі і знявагі, якія ім давялось перажыць падчас затрымання і знаходжання пад арыштам. Слухаючы некаторыя жудасныя рэчы,нават не верылася, што такое магчыма ў еўрапейскай краіне ў 21 веку… Пра тое, што ім давялось перажыць, распавялі  Хізэр Макгіл таксама маці былых абвінавачаных і бабуля Паўла Паўлючэнкі, які працягвае знаходзіцца пад арыштам.

Дагэтуль няма адказу на галоўнае пытанне – хто забіў вясковую сям’ю з шасці чалавек, у тым ліку двух малых дзетак. Раследванне працягнута ў чарговы раз і калі яно будзе скончана, не ведаюць нават вялікія міліцэйскія начальнікі. Тым часам новыя зоркі на пагоны за апошнія гады паспела атрымаць амаль усё кіраўніцтва Бялыніцкага РАУС…

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства