viasna on patreon

Уладальнікі ровараў пераканалі Віцебскі гарвыканкам. Але толькі часткова і ў перспектыве

2011 2011-05-31T11:59:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-rovary-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывісты і прыхільнікі здаровага ладу жыцця змагаюцца  за стварэнне інфраструктуры для перасоўвання  на роварах – адмысловыя дарожкі і паркоўкі. Пасля некалькіх масавых акцый – прабегаў на роварах па абласным цэнтры -- яны атрымалі афіцыйны адказ на свой зварот у гарвыканкам. Дарожкі роварыстам  усе ж паабяцалі – але толькі “пры выдачы тэхнічных умоў на праектаванне новых вуліц”.

Уладзімір Рамановіч, які запачаткаваў і каардынуе акцыі ўладальнікаў ровараў, перакананы, што першыя крокі ўлады маглі б зрабіць ужо зараз, не адкладаючы “на потым”:

- Пакуль можна было б проста прамаляваць на праезнай частцы або там, дзе дазваляе шырыня ходнікаў, разметку, якая вызначала б, дзе павінны ездзіць роварысты. Усталяваць знакі «Роварная дарожка», вызначыць частку тэрыторыі пад  паркоўкі пры кожнай буйным краме, перад навучальнымі ўстановамі, спартыўнымі аб'ектамі. Але нам пакуль толькі паабяцалі выканаць нашу просьбу: мы атрымалі афіцыйны адказ з гарвыканкаму, што наш зварот,  пад якім падпісаліся больш за паўтысячы чалавек, разглядалі ў гарадскім аддзеле ЖКГ сумесна з ДАІ. І што цяпер у Віцебску «пры выдачы тэхнічных умоў на праектаванне новых вуліц, аўтадарог, мікрараёнаў, аб'ектаў прыцягнення ўводзіцца патрабаванне аб неабходнасці будаўніцтва роварных дарожак і парковак».

Такім чынам, лічыць спадар Рамановіч,  віцебскім роварыстам трэба працягваць спробы  звярнуць на сябе ўвагу. Найпершы сродак – гэта арганізацыя паказальных прабегаў на роварах – іх ужо было некалькі ў розных раёнах горада. Дарэчы, на гэтыя акцыі актывісты неаднаразова запрашалі і прадстаўнікоў гарадскіх уладаў. Але ўсяго аднойчы да  прабегу  далучыўся  начальнік гарадскога аддзела спорту і турызму Дзмітрый Скарынкін.

-- Мы змагаемся ў тым ліку і за бяспеку дарожнага руху, каб на ходніках уладальнікі ровараў не заміналі мінакам, і на дарозе кіроўцы машын рухаліся бесперашкодна – не рызыкуючы сутыкнуцца  ці “прыціснуць” чалавека на ровары, -- падкрэслівае Уладзімір Рамановіч.

Між тым менавіта супрацоўнікі ДАІ перашкодзілі ўдзельнікам самага першага прабегу, які мусіў адбыцца ў самым цэнтры Віцебску, каб прыцягнуць увагу найшырэйшых колаў грамадскасці горада. Пасля разгону акцыі 29 красавіка ўладальнікі ровараў вымушаны збірацца пераважна ў зонах адпачынку ці на гарадскіх ўскраінах.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства