Гомель: За згублены тэлефон КДБ узяло распіску
Гомельскае ўпраўленне КДБ згубіла тэлефон мясцовага праваабаронцы Анатоля Паплаўнага. Апарат быў канфіскаваны падчас ператрусу Гомельскага грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палеская, 52.
Як паведаміў Анатоль Паплаўны, супрацоўнік КДБ узяў з яго распіску пра адсутнасць прэтэнзій:
- Да мяне патэлефанаваў супрацоўнік КДБ Марыніч, які канфіскоўваў у студзені месяцы тэхніку ў Грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская, 52. Пад канфіскацыю трапіў і мой тэлефон. Аднак мабільны быў згублены. Як вядома, супрацоўнікі КДБ зараз пачалі вяртаць назад канфіскаваную тэхніку, а тэлефона няма. І яны заклапочаныя, што рабіць. Таму супрацоўнік КДБ прыйшоў і ўзяў у мяне распіску, што тэлефон знаходзіцца ў мяне, выгляд і тэхнічны стан апарата нармальны.
Згублены мабільны тэлефон гомельскага праваабаронцы – не першая канфіскаваная рэч, якую згубілі супрацоўнікі КДБ. Так, у нетрах КДБ бясследна знік польскі рататар часоў “Салідарнасці”, што належыў Гомельскаму грамадска-палітычнаму цэнтру па вуліцы Палеская, 52.