Сёння Вярхоўны суд агучыць рашэнне па скарзе БХК
Вярхоўны суд 27 ліпеня разгледзеў скаргу РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) на рашэнне Мінюста аб вынясенні ў гэтым годзе другога папярэджання арганізацыі. "Рашэнне па скарзе Вярхоўны суд аб’явіць 28 ліпеня ў 15 гадзін", — паведаміў старшыня БХК Алег Гулак.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што, мяркуючы па сённяшнім пасяджэнні, «нічога добрага» арганізацыю не чакае. «Мы бачым пазіцыю Міністэрства юстыцыі, пракуратуры, якая не дае нам спадзявацца на задавальненне скаргі», - сказаў Гулак.
Мінюст вынес другое сёлета пісьмовае папярэджанне БХК 6 чэрвеня. Прычынай для папярэджання сталі «парушэнні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар», перадае БелаПАН.
Канфлікт паміж падатковай інспекцыяй і БХК, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыяй, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспекцыя прад'явіла прэтэнзіі да БХК за нявыплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС.
Летам 2004 года гаспадарчы суд Мінска зняў з БХК абвінавачанні па ўхіленні ад выплаты падаткаў па сродках, задзейнічаных у межах праграмы ТАСІС, аднак гэта рашэнне апратэставаў намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Смірноў. У снежні 2004 года прэзідыум Вярхоўнага суда задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі ў суме, эквівалентнай прыкладна 75 тыс. долараў. 1 лістапада 2006 года гаспадарчы суд Мінска пастанавіў канфіскаваць частку маёмасці БХК на 255 тыс. рублёў у лік выплаты 160 млн. рублёў штрафу і падатковых завінавачанасцяў.
Першае ў гэтым годзе папярэджанне было вынесена БХК 12 студзеня. Мінюст звярнуў увагу на дзейнасць аб'яднання пасля таго, як праваабаронцы накіравалі паведамленне пра націск на адвакатаў - абаронцаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня, а таксама пра іншыя факты пераследу і запалохвання адвакатаў у Беларусі. Паведамленне было накіравана спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль. На думку Мінюста, «мела месца распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь».