viasna on patreon

КДБ не вяртае Ірыне Пятровай канфіскаваныя пры ператрусе рэчы

2011 2011-07-29T15:43:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vobshuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На кватэрах актывісткі Ірыны Пятровай двойчы праходзілі ператрусы: 20 сьнежня 2010 года і 25 сакавіка 2011 году. З гэтай нагоды Ірына Пятрова неаднаразова скардзілася ў пракуратуру, патрабавала вярнуць забраныя рэчы.

Нядаўна ёй прышоў адказ з пракуратуры і КДБ, у якім цьвердзілася, што рэчы Ірыны насамрэч знаходзяцца ў КДБ, і яна можа іх забраць.

Калі Ірына Пятрова прыйшла па свае рэчы да ўпраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці, да яе выйшаў чалавек, які прадставіўся прозьвішчам “Гугроў”. Ён папрасіў у актывісткі паперы, у якіх цьвердзілася, што ёй павінны вярнуць рэчы. Ірына дала супрацоўніку паперы, каб той зрабіў зь іх ксеракопіі. “Гугроў” сышоў з паперамі ў будынак КДБ і не вярнуўся. Ірына Пятрова прачакала каля 2 гадзінаў, а пасьля патлумачыла супрацоўнікам КДБ на КПП, што ня сыдзе без сваіх рэчаў. Ёй адказалі, што зараз праблема вырашыцца.

Яшчэ праз гадзіну прыехалі супрацоўнікі Фрунзенскага РАУСа і сказалі, што могуць аддаць Ірыне ейныя рэчы. Разам з Ірынай ля будынку чакалі дзяўчыны, у якіх таксама забіралі рэчы. Усіх разам супрацоўнікі адвезьлі ў Фрунзенскі РАУС, дзе дзяўчынам аддалі пашпарты, а Ірына марна прачакала каля 6 гадзінаў.

З РАУСа актывістка накіравалася ізноў у КДБ, дзе запатрабавла свае рэчы ці, прынаймней, паперы, якія пацьвярджаюць факт іх выманьня.  Таксама Ірына Пятрова патрабавала выклікаць “Гугрова”. Ёй адказалі, што “Гугроў” у іх не працуе, і ніякіх папераў у яе не забіралі. Толькі праз 30 хвілінаў “Гугроў” выйшаў. Калі Ірына запытала ў яго сапраўднае прозьвішча, той нічога не адказаў. Зь ягоных словаў, неабходныя паперы ён перадаў у Фрунзенскі РАУС, не патлумачыўшы, на якой падставе гэта было зроблена.

Ірына Пятрова пакінула запіс у кнізе скаргаў упраўленьня КДБ наконт нявернутых рэчаў. Сяброўкі Ірыны, якія пражывалі ў момант ператрусу разам зь ёй, таксама пісалі скаргі з патрабаваньнямі вярнуць рэчы. У адказ на адну з іхніх скаргаў, супрацоўнікі КДБ наагул заявілі, што ператрус у іхняй кватэры не праводзіўся і рэчы не вымаліся. Апроч таго, дзяўчынаў папярэдзілі, што ў адпаведнасьці з арт. 17 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў” выдаткі, панесеныя дзяржаўным органам ці арганізацыяй у сувязі з разглядам зваротаў, якія ўтрымліваюць загадзя ілжывыя зьвесткі, могуць быць спагнаныя з грамадзянаў у судовым парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства