viasna on patreon

У Менску апаганены мэмарыял “Яма”.

2003 2003-05-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Менску апаганены мэмарыял “Яма” – на ім зьявіліся выявы фашысцкай свастыкі. На месцы мэмарыялу ў часе другой усясьветнай вайны разьмяшчалася менскае гета, у якім нацысты забілі больш за 100 тысячаў чалавек.

Як паведаміў віцэ-прэзыдэнт Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і суполак Якаў Басін “гэта другі выпадак вандалізму на тэрыторыі мэмарыялу “Яма”.

Першы меў месца ў 1992 годзе, калі на абеліску з чорнага мармуру быў разьбіты трохлітровы слоік зь белай фарбай. Пляма трымалася дастакова доўга, але ўсё ж такі зьнялі, бо ў краіну з афіцыйным візытам прыехаў нараджанец Беларусі. міністар замежных справаў Ізраілю Шыман Пэрэс”.

На думку Я.Басіна, акт вандалізму зьдзейсьнены неанацыстамі, якія, паводле ягоных словаў, зрабілі палітычную заяву і намалявалі фашысцкую свастыку белай фарбай ля ўваходу ў мэмарыял і на габрэйскім тэксьце помніка. Разам з тым, Я.Басін углядае пагрозу ў дзеяньнях неанацыстаў, якія ў ніжняй частцы абеліску напісалі “Халакост.2003”, а на яго верхняй гарызанталі – словы “Бей жыдов”.

“Мы рыхтуем заяву ў пракуратуру аб распачынаньні крымінальнай справы на імя прэзыдэнта Беларусі ад імя ўсіх габрэйскіх грамадзкіх і рэлігійных аб’яднаньняў краіны”, - паведаміў Якаў Басін. Паводле яго, “нягледзячы на ўсе звароты грамадзкасьці, у Беларусі да гэтага часу ніхто не асуджаны за праявы антысэмітызму”.

Паводле юрыста прадстаўніцтва Зьвязу камітэтаў у падтрымку габрэеў былога СССР Артура Ліўшыца, на днях былі апаганеныя й габрэйскія могілкі ў Бабруйску (Магілёўская вобласьць), а таксама манумэнт ахвярам Халякосту ў вёсцы Цімкавічы (Кобрынскі раён Берасьцейскай вобласьці). Мэмарыял узьведзены пры дапамозе габрэеў-грамадзянаў Канады, чые сваякі загінулі ў мясцовым гета ў гады другой усясьветнай вайны.
Паводле Хартыі-97

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства