Андрэй Бастунец: Прыцягненьні да адказнасьці вінаватых у забойстве Дьмітрыя Завадзкага пракуратурай ігнаруецца
30 траўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны пракурор РБ Пётр Міклашэвіч заявіў, што падначаленае яму ведамства "працягвае пошукі Дзмітрыя Завадскага". Намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец падкрэслівае, што пракуратура РБ не звяртае ўвагі на рашэнне суда аб прызнанні Завадскага памерлым і не ставіць пытання аб узбуджэнні справы аб забойстве Дзмітрыя.
"На гэты момант месцазнаходжанне Дзмітрыя Завадскага не ўстаноўлена, але пракуратура Беларусі працягвае яго пошук. І раней праводзіліся праверкі шэрагу эпізодаў па дадзенай справе, і яны праводзяцца і цяпер. Месцазнаходжанне Дзмітрыя Завадскага выcветліць не ўдалося", - адзначыў П. Міклашэвіч на сустрэчы з журналістамі 30 траўня.
Андрэй Бастунец пракаментаваў выказваньне прэс-службе БАЖ: "Генеральны пракурор, здаецца, наўмысна акцэнтуе ўвагу на пошуках "месцазнаходжання Завадскага" (быццам бы гаворка ідзе пра жывога чалавека). Складваецца ўражанне, што пытанне аб яго магчымым забойстве (а тым самым - аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у гэтым злачынстве) пракуратурай ігнаруецца".
Са словаў жонкі зніклага журналіста Святланы Завадскай, пасля выказвання Міклашэвіча ёй тэлефанавалі шмат якія журналісты, якія палічылі, што следства па справе адноўлена. Між тым, ніякіх сведчанняў аднаўлення справы сваякі Завадскага не атрымлівалі.
Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала "ОРТ", знік без вестак 7 ліпеня 2000 г. Ён паехаў у аэрапорт "Мінск-2" сустрэць свайго калегу - журналіста Паўла Шарамета. Аднак на стаянцы аэрапорту Шарамет знайшоў толькі пустую машыну Завадскага. 14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні журналіста групу былога супрацоўніка спецпадраздзялення "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча, асудзіўшы дваіх чалавек (В. Ігнатовіча і М. Маліка) на пажыццёвае зняволенне, а яшчэ некалькіх - на розныя тэрміны пазбаўлення волі. (Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баявікоў). Асуджаныя не прызналі сваёй віны ні па адным з эпізодаў. 27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым. Следства па справе Завадскага некалькі разоў прыпынялі і зноў аднаўлялі. У апошні раз Пракуратура прыпыніла яго 31 сакавіка 2006 г.