Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў журналіста Вадзіма Баршчэўскага вінаватым у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і аштрафаваў на 5 базавых велічынь
31-га сакавіка супрацоўнікі ДАІ затрымалі машыну спадара Баршчэўскага, дзе знайшлі 25 тысяч улётак пад назовам "Народны кантроль". Ва ўлётках былі апісаныя падзеі 25-га сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Адразу па затрыманьні а 9-й вечара супрацоўнікі ДАІ заявілі, што мусяць праверыць машыну, і загадалі пакінуць яе на службовай стаянцы да ранку 1-га красавіка. Але на наступную раніцу, калі Вадзім Баршчэўскі прыйшоў яе забраць, міліцыянты з Віцебскага райаддзелу запатрабавалі ад яго дадатковых тлумачэньняў ужо наконт арыштаванай друкаванай прадукцыі. Іх цікавіла, каму прызначаліся ўлёткі і хто меўся іх распаўсюджваць.
Спадар Баршчэўскі адмовіўся даваць такія тлумачэньні. Пратрымаўшы яго колькі часу ў пастарунку, міліцыянты склалі на яго пратакол пра непадпарадкаваньне.
Гэты пратакол судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Дасько разглядала цягам трох судовых пасяджэньняў. Вадзім Баршчэўскі патрабаваў, каб у суд былі выкліканыя ўсе сьведкі па ягонай справе. Але, як распавёў спадар Баршчэўскі Радыё Свабодзе, судзьдзя прызнала праўдзівымі толькі сьведчаньні міліцыянта: "На маю карысьць усе сьведчаньні былі, апрача сьведчаньняў міліцыянтаў. І панятыя, два хлопцы, усё расказалі, як было, і я хвілінаў 20 выступаў даводзіў, што не было ніякага правапарушэньня. Судзьдзя ўсё выслухала, і адразу, адразу, нават перапынку на якія тры хвіліны не зрабіўшы, прачытала рашэньне што ўсе паказаньні пацьвердзілі, нібыта я не падпарадкоўваўся міліцыянтам. Ну, і ўсё 5 "базавых". Буду скардзіцца, напэўна, у абласны суд, да міністра дайду. А потым яшчэ напішу вялікі матэрыял пра ўсё гэта".
Вадзім Баршчэўскі кажа, што абураны нават ня столькі штрафам (дарэчы, 5 базавых велічынь гэта самае меншае пакараньне па 156-м артыкуле, паводле якога яго абвінавацілі), колькі тым, што судзьдзя запісала ў пастанове, нібыта супраць яго сьведчыў праваабаронца Павал Левінаў.
Спадар Левінаў аказваў юрыдычную дапамогу спадару Баршчэўскаму цягам усяго працэсу ад ночы затрыманьня да сёньняшняга апошняга судовага пасяджэньня, і цяпер ён таксама зьбіраецца пісаць скаргу на дзеяньні судзьдзі Натальлі Дасько.