У Сьветлагорску работнікаў вытворчага аб'яднаньня "Хімвалакно" прымушаюць "калектыўна падпісвацца" на газэту "Беларускай маладзёжнай грамадзкай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных"
Газэта называецца "Юный спасатель", выдаецца ў Менску. У адным з апошніх нумароў яна расказала, сярод іншага, пра тое, зь якіх пісталетаў стралялі "нашыя продкі ў бітве пад Палтавай і пры ўзяцьці Ізмаіла", аб тым, што ўдзельнікам "грамадзкай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных" уручалі граматы на "мэмарыяльным комплексе "Лінія Сталіна", і што ў Баўгарыі "старэйшае пакаленьне размаўляе і па-баўгарску, і па-руску". Наклад газэты - 91000 асобнікаў.
Рабочыя "Хімвалакна" мяркуюць, што выпісваць газэту гэтага "грамадзкага аб'яднаньня" прапануюць інспэктары дзяржаўнага пажарнага нагляду (якім, у сваю чаргу, загадала гэта рабіць іхняе начальства). А кіраўніцтва цэхаў "Хімвалакна" вымушанае згаджацца, бо інакш інспэктары будуць зьвяртаць увагу на парушэньні супрацьпажарных правілаў. Аднак вытворчае аб'яднаньне не выдаткоўвае грошы на падпіску. Як расказаў карэспандэнту belngo.info адзін з рабочых, па цэхах зьбіраюць грошы з работнікаў і афармляюць "калектыўную падпіску" на цэх.
Сярод выдавецкіх зьвестак у газэце адсутнічаюць час падпісаньня ў друк, а таксама кошт альбо пазнака "Бясплатна" (што патрабуе артыкул 26 Закону аб друку). Для іншых друкаваных выданьняў менавіта "няпоўныя выдавецкія дадзеныя" часта зьяўляюцца нагодай для канфіскацыі і штрафаваньня тых, хто іх распаўсюджвае.