Палітвязьню Паўлу Вінаградаву пісаць прашэньне аб памілаваньні не прапаноўвалі
Родныя Паўла Вінаградава — яго бацька Юры і жонка Сьвятлана — былі запрошаны ў Івацэвіцкую калёнію «Ваўчыныя норы» на так званы «дзень адкрытых дзьвярэй».
Усяго ў калёнію запрасілі больш за 50 сваякоў зьняволеных, распавёў
бацька Паўла Юры Вінаградаў. Іх вельмі доўга прапускалі, даглядалі —
больш за 4 гадзіны. Гасьцям паказалі клюб, сталовую, казармы, дзе жывуць
арыштанты. У казарме Паўла плошчай каля 15 квадратных мэтраў —
12 чалавек, у памяшканьні толькі ложкі і тумбачкі.
Кіраўніцтва калёніі дало магчымасьць родным правесьці зь вязьнямі амаль
дзьве гадзіны, прычым, не праз шкло, а кантактаваць наўпрост. Павал
распавёў, што іншым палітвязьням — Эдуарду Лобаву і Фёдару Мірзаянаву —
прапаноўвалі напісаць прашэньні аб памілаваньні. А да Паўла ніхто ніколі
не зьвяртаўся з такой прапановай. «Ніколі не пайду на гэта, буду
сядзець „ад званка да званка“», — цьвёрда сказаў Павал. Паводле словаў
кіраўніцтва калёніі, Павал Вінаградаў «ня стаў на шлях выпраўленьня».
Юры Вінаградаў распавёў, што трымаецца Павал вельмі добра, настрой у яго
бадзёры. Адзінае, што напружвае — за ім пастаянна вельмі пільна сочаць.
Пры канцы верасьня родныя зьбіраюцца на доўгатэрміновае трохдзённае спатканьне з Паўлам.