viasna on patreon

Рэзалюцыя Еўрапейскага Парламента па Беларусі ад 15 верасня 2011 года: арышт праваабаронцы Алеся Бяляцкага

2011 2011-09-16T17:31:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/euraparlamientaryji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

P7_TA-PROV (2011) 0392

Беларусь: арышт праваабаронцы Алеся Бяляцкага

PE472.677

 

Еўрапейскі Парламент,

- Прымаючы да ўвагі свае папярэднія рэзалюцыі па Беларусі, у прыватнасці, ад 12 траўня 2011 года, 10 сакавіка 2011 года, 20 студзеня 2011 года і 17 снежня 2009 года,

- Прымаючы да ўвагі высновы Савета па Беларусі, прынятыя на 3101-м пасяджэнні Савета па замежных справах 20 чэрвеня 2011 года,

- Прымаючы да ўвагі Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека 1948 года і Дэкларацыю аб праваабаронцах Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ад снежня 1988 года,

- Прымаючы да ўвагі рэзалюцыю па свабодзе аб'яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, прынятую Канферэнцыяй міжнародных няўрадавых арганізацый Савета Еўропы 22 чэрвеня 2011 года,

- Прымаючы да ўвагі рэзалюцыю Савета ААН па правах чалавека ад 17 чэрвеня 2011 года, якая асуджае парушэнні правоў чалавека да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікае беларускі ўрад спыніць "пераслед" лідэраў апазіцыі,

- Прымаючы да ўвагі заяву з нагоды арышту Алеся Бяляцкага, распаўсюджаную віцэ-прэзідэнтам Камісіі/Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 5 жніўня 2011 года,

- Прымаючы да ўвагі Правіла 122 (5) сваіх Працэдурных правілаў,

A. у той час як Беларусь звязана міжнароднымі абавязацельствамі па выкананні прынцыпаў міжнароднага права і фундаментальных каштоўнасцяў, уключаючы дэмакратыю, верхавенства закона і павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў;

B. у той час як праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі быў арыштаваны ў Менску 4 жніўня 2011 года па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў («утойванне прыбытку ў асабліва буйным памеры») і 12 жніўня 2011 года яму было прад'яўленае абвінавачванне ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі, у выніку чаго яму пагражае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў абмежавання волі альбо ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыі маёмасці, у тым ліку памяшканняў, дзе працуе «Вясна»;

С. у той час як на прыватнай кватэры Алеся Бяляцкага ў Менску, ягоным доме ў Ракаве і офісе "Вясны" ў Менску супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) і Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю былі праведзеныя ператрусы, і ў той час як ягоны камп’ютар і іншыя матэрыялы былі канфіскаваныя;

D. у той час як 16 жніўня 2011 года суддзя раённага суда Менску адмовіў у задавальненні хадайніцтва ад адваката Алеся Бяляцкага аб вызваленні праваабаронцы пад падпіску аб нявыездзе, і ў той час як на гэтым тыдні перыяд дасудовага ўтрымання пад вартай Алеся Бяляцкага быў падоўжаны на два месяцы;

Е. у той час як арышт, звязаны з выдачай падрабязнасцяў банкаўскіх рахункаў Алеся Бяляцкага беларускім ўладам некаторымі дзяржавамі-удзельніцамі ЕС, і ў пошуках гэтай інфармацыі беларускія ўлады скарысталіся міжнародным супрацоўніцтвам ў адпаведнасці з умовамі двухбаковага пагаднення аб прававой дапамозе, выкарыстоўваючы сістэму міжнародных працэдур і пагадненняў аб фінансавых пераводах, прызначаную для выкарыстання пры адсочванні тэрарыстаў і злачынцаў, для таго каб атрымаць поўны кантроль над няўрадавымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і беларускай дэмакратычнай апазіцыі і дыскрэдытаваць дапамогу ЕС беларускай грамадзянскай супольнасці;

F. у той час як беларускія падатковыя органы інтэрпрэтавалі сумы на рахунках сп. Бяляцкага як ягоны асабісты даход і абвінавацілі яго ва ўтойванні іх;

G. у той час як беларускія ўлады сістэматычна адмаўляюцца рэгістраваць на нацыянальным узроўні амаль усе праваабарончыя арганізацыі (за апошнія гады «Вясне» тройчы было адмоўлена ў рэгістрацыі), і ў выніку, а таксама таму, што замежная дапамога няўрадавым арганізацыям ў Рэспубліцы Беларусь (у дадзеным выпадку сродкі «Вясны», прызначаныя для аказання дапамогі ахвярам масавых рэпрэсій беларускага рэжыму пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года) павінна быць дазволена беларускімі ўладамі, праваабаронцы вымушаныя адкрываць рахункі ў суседніх краінах у мэтах забеспячэння эфектыўнай дапамогі прадстаўнікам незалежнай грамадзянскай супольнасці;

H. у той час як пераслед праваабаронцаў і актывістаў з'яўляецца сістэматычным і шырока распаўсюджаным, і ў апошні час з'явіліся паведамленні адносна пераследу праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў кампаніі за вызваленне Алеся Бяляцкага, уключаючы арышты, затрыманні, допыты, накладанне штрафаў або канфіскацыю друкаванай прадукцыі, у той час як адна з зацікаўленых асобаў, Віктар Сазонаў, у цяперашні час чакае суда;

І. у той час як справа Алеся Бяляцкага з'яўляецца часткай больш шырокай структуры працяглага пераследу грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, што прывяло да рэзкага пагаршэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека і грамадзянскіх і палітычных свабодаў у Беларусі;

J. у той час як вялікая колькасць актывістаў апазіцыі, у тым ліку экс-кандыдаты ў прэзідэнты, журналісты і праваабаронцы, былі затрыманыя з прычыны іх удзелу ў мірнай паслявыбарчай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Менску па абвінавачванні ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і атрымалі неапраўдана жорсткія прысуды да сямі гадоў у калоніі строгага і агульнага рэжыму, у той час як ад некаторых з іх прыйшлі паведамленнях пра фізічныя і псіхалагічныя катаванні, і яны не былі забяспечаныя належнай прававой і медыцынскай дапамогай або былі адпраўленыя назад у турму пасля аперацыі без належнай медыцынскай рэабілітацыі;

1. Выказвае глыбокую заклапочанасць з нагоды пагаршэння становішча праваабаронцаў у Беларусі; рашуча асуджае нядаўні арышт і абвінавачванні супраць старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама няздольнасць беларускіх уладаў паважаць фундаментальныя правы на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў;  

2. Выказвае шкадаванне з нагоды таго, што беларускія ўлады паслядоўна адмаўляюцца прадаставіць прававы статус незалежным праваабарончым арганізацыям краіны, што робіць немагчымым іх дзейнасць, і праз увядзенне рэпрэсіўных законаў пераследуюць дзейнасць грамадзянскай супольнасці, а затым выкарыстоўваць пагрозы крымінальных санкцый, каб запалохаць праваабаронцаў;

3. Верыць у гэтым кантэксце, а таксама ўлічваючы беспрэцэдэнтны пераслед грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, што крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Бяляцкага з'яўляецца палітычна матываванай і мае намер перашкодзіць яго законнай працы у якасці праваабаронцы;

4. Заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць з-пад варты Алеся Бяляцкага, спыніць крымінальны пераслед і зняць усе абвінавачванні супраць яго;

5. Асуджае дзеянні супраць праваабарончага цэнтра «Вясна» і настойліва заклікае беларускія ўлады спыніць усе формы пераследу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, «Вясны» і ягоных супрацоўнікаў і ўсіх іншых праваабаронцаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці краіны і паважаць верхавенства права;

6. Заклікае беларускія ўлады адмяніць Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які забараняе арганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў, у той час як гэта становішча уступае ў супярэчнасць з міжнароднымі нормамі аб свабодзе асацыяцыі і ўяўляе парушэнне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у межах АБСЕ і ААН;

7. Падкрэслівае, што прававая дапамога паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі ЕС і Беларуссю не павінна станавіцца прыладай палітычных пераследаў і рэпрэсій;

8. Выказвае шкадаванне з нагоды таго, што беларускае заканадаўства і двухбаковыя і міжнародныя механізмы былі наўмысна выкарастаныя ў недарэчных мэтах з боку беларускіх уладаў;

9. Заклікае беларускія ўлады выконваць усе палажэнні Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах і забяспечыць, каб дэмакратычныя прынцыпы, правы чалавека і асноўныя свабоды выконваліся пры любых абставінах, у адпаведнасці з Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека, а таксама міжнароднымі і рэгіянальнымі дакументамі па правах чалавека, ратыфікаванымі Беларуссю;

10. Настойліва заклікае беларускія ўлады перагледзець беларускае заканадаўства, у прыватнасці, аб свабодзе асацыяцый і свабодзе слова, каб прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, і ў той жа час, устрымацца ад любых далейшых злоўжыванняў правам;

11. Заклікае Савет, Камісію і Высокага прадстаўніка актывізаваць ціск на беларускія ўлады, у тым ліку праз далейшае пашырэнне забароны на выдачу віз і замарожванне рахункаў асобаў, якія маюць дачыненне да арышту і судовага пераследу Алеся Бяляцкага;

12. Падкрэслівае, што ў святле бесперапынных, беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ЕС мае патрэбу ў падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі і пошуку новых спосабаў дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ па павышэнні дасведчанасці грамадскасці;

13. Заклікае саміт Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў Варшаве 28-29 верасня 2011 года, павялічыць дапамогу і эфектыўнае ўзаемадзеянне з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю ў мэтах заахвочвання і ўмацавання іх намаганняў па забеспячэнні дэмакратыі;

14. Заклікае беларускія ўлады гарантаваць належную прававую і медыцынскую дапамогу для ўсіх палітычных зняволеных і вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зняць усе абвінавачванні супраць іх і рэабілітаваць іх у грамадзянскіх правах у поўным аб'ёме;

15. Падкрэслівае, што патэнцыял узаемадзеяння ЕС з Беларуссю павінен быць строга абумоўлены і пастаўлены ў залежнасць ад абавязацельстваў Беларусі ў дачыненні да дэмакратычных нормаў, правоў чалавека і верхавенства закона, як гаворыцца ў Сумеснай дэкларацыі Пражскага саміта Усходняга партнёрства ад 7 траўня 2009 года, які быў у тым ліку падпісаны і беларускім урадам;

16. Даручае свайму Старшыні давесці гэтую рэзалюцыю да ведама Савета, Камісіі, віцэ-прэзідэнта Камісіі/Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, урадаў і парламентаў дзяржаў-удзельніц Парламенцкай Асамблеі АБСЕ і Савета Еўропы, а таксма ўрада і парламента Беларусі.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства