Страйк на заводзе зборнага жалезабэтону ў Сьветлагорску
15 верасьня на заводзе зборнага жалезабэтону № 11 АТТ «Сьветлагорскі домабудаўнічы камбінат» адбыўся стыхійны страйк. Як паведаміў адзін з працаўнікоў заводу, з раніцы адмаўляліся прыступаць да працы рабочыя каркасна-панэльнага цэху.
Яны патрабавалі забясьпечыць іх працай, падвысіць заробкі й выплаціць грошы за жнівень.
Улагоджваць сытуацыю прыходзілі кіраўнікі заводу на чале з выканаўцам абавязкаў дырэктара Аляксандрам Гвозьдзевым. Адміністрацыі заводу рабочыя перадалі пісьмовае патрабаваньне.
Гэта ўжо другі страйк на тыдні. 12 верасьня зранку не працавалі рабочыя бэтоназьмешвальнага вузла. Прычына тая ж — шкодныя ўмовы працы й нізкія заробкі.
Завод, на якім працуе блізу 400 рабочых і спэцыялістаў, апошнім часам трасе з-за нястачы цэмэнту. Цэхі з гэтай прычыны не выконваюць заданьні. І без таго невысокія заробкі ў крызісны час зьменшыліся. Адсюль і незадавальненьне ў калектыве.