Палітвязні Плошчы працягваюць заставацца за кратамі
Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў адмаўляецца адбываць пакараньне ў Бабруйскай турме. Экс-кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу прызначылі другую групу інваліднасьці. Палітвязень Зьміцер Бандарэнка сустрэў чарговы дзень народзінаў за кратамі. Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча зьмясьцілі ў адзіночную камэру Глыбоцкай турмы, а ягоны паплечнік Эдуард Лобаў па-ранейшаму адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава цягам дня
29 верасьня могуць перавесьці з Магілёўскай у Бабруйскую турму. Аднак
ён адмаўляецца ад этапаваньня, бо апасаецца, што знаходжаньне ў калёніі
ў Бабруйску можа пагражаць ягонаму здароўю і жыцьцю. Пра гэта позна
ўвечары паведаміў адвакат, кажа жонка палітвязьня Ірына Халіп:
«Позна ўвечары адвакат вярнуўся ад Андрэя з Магілёўскай турмы
і паведаміў, што ён напісаў адпаведную заяву на імя начальніка турмы.
Але калі яго будуць цягнуць, то, натуральна, ён нічога зрабіць ня зможа.
Вось сёньня якраз усё і высьветліцца».
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч пераведзены
з Горак у Глыбокае, дзе зьмешчаны ў камэры-адзіночцы. Пра гэта таксама
паведаміў адвакат зьняволенага, кажа праваабаронца Наста Лойка:
«Сапраўды існавала пагроза ягонаму жыцьцю, бо адміністрацыя Горацкай
турмы пайшла на тое, што настроіла супраць яго іншых зьняволеных. Таму
яго і перавялі ў Глыбокае, дзе адразу зьмясьцілі ў адзіночную камэру.
Ніякіх скаргаў на адміністрацыю Глыбоцкай турмы ён не выказваў. Гэткім
чынам, будзем спадзявацца, што сытуацыя стабілізавалася, адвакат будзе
яго наведваць і неяк лепш будзе».
Былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса перавялі
з трэцяй на другую групу інваліднасьці. Ад пятніцы ён знаходзіцца
ў турэмным шпіталі на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе зь ім сустрэўся
адвакат, кажа жонка палітвязьня Яўгенія Вус:
«Яго цяпер вазілі на кампутарную тамаграму мозгу, незразумела чаму,
бо Дзіма адчувае сябе больш-менш нармальна. Канваяваў яго сам начальнік
турмы і галоўны доктар шпіталю. Сёньня доктар сказаў, што ніякіх
зьменаў, пагаршэньня няма. Тады чаму даюць другую групу інваліднасьці?
Як доўга ўсё гэта будзе працягвацца, невядома. Я сёньня хадзіла
да начальніка СІЗА і прасіла: вы мне яго хоць здалёк пакажыце.
Ён адмовіў катэгарычна — нельга і ўсё. Я яшчэ калі выходзіла,
то сказала, што дасьць Бог — і ваша жонка яшчэ будзе хадзіць і гэтак
жа прасіць».
Зусім няма вестак ад яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча. Апошняе тэлефанаваньне ад яго было 19 верасьня, паведаміў бацька палітвязьня Віктар Статкевіч:
«Ён сказаў мне толькі некалькі словаў, што калі да мяне прыйдуць, каб
я не пісаў за яго ніякіх папераў. Сказаў, што патэлефануе мне 25-га
раніцай. Я сядзеў чакаў, але ніякага тэлефанаваньня не было. Я вельмі
хвалююся за ягонае жыцьцё — ці жывы ён там. Мне толькі вядома, што яму
бярвеньнем руку прыціснула. Дык ня толькі руку, але і бок яшчэ. Я ўжо
гэтулькі сьлёз выліў, што гэтыя сволачы патанулі б у іх».
Свой чарговы дзень народзінаў палітвязень Зьміцер Бандарэнка сустракаў
у турме напярэдадні. Жонка Вольга кажа, што ў гэты дзень яна
атрымлівала віншаваньні замест мужа. А ён даслаў ліст, у якім выказвае
заклапочанасьць лёсам Андрэя Саньнікава, кажа Вольга Бандарэнка:
«Ён у лістах мне пісаў пра Андрэя Саньнікава, бо адчуваў, што нешта
дрэннае рыхтуецца. І калі яго і Зьмітра Дашкевіча пачалі пераводзіць,
то ён і кажа, што я адчуваў — нешта дрэннае рыхтуецца, бо занадта ўсе
заспакоіліся. Улады ніяк ня хочуць быць прыстойнымі — у ролю нягоднікаў
як увайшлі, так і застаюцца ў ёй».
З Эдуардам Лобавым — паплечнікам Зьмітра Дашкевіча
ў «Маладым фронце», які адбывае зьняволеньне ў турме «Ваўчыныя норы»,
таксама днямі сустрэўся адвакат, паведаміла маці палітвязьня Марына
Лобава:
«Ён паведаміў, што наведвае рэлігійную суполку. Адвакат не ўдакладніла,
якую — хутчэй за ўсё, праваслаўную, бо там праваслаўны храм будуецца.
Хоць Эдуард і католік, але ксяндзоў у такія ўстановы не пускаюць, таму
даводзіцца хадзіць у праваслаўныя. Зараз ад яго адсталі з прашэньнем
аб памілаваньні, сказалі падумаць, што ёсьць такая магчымасьць. Канечне,
ён і ня думае пісаць, бо ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым».
Як паведаміла Марына Лобава, праз адваката Эдуард падае наглядную скаргу
на судовае рашэньне аб сваім зьняволеньні. Разам са Зьмітром
Дашкевічам, асуджаным на 2 гады, ён атрымаў 4 гады турмы за, нібыта,
хуліганства. Палітвязьні не прызналі сябе вінаватымі і заявілі, што гэта
была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.