viasna on patreon

“Адвакатура ў Беларусі з незалежнага інстытута ператворыцца фактычна ў дэпартамент Мінюста”

2011 2011-09-30T16:03:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapielka-2011.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Да такой высновы пры абмеркаванні бягучай сітуацыі са становішчам адвакатуры ў Беларусі прыйшлі ўдзельнікі Кангрэсу Еўрапейскай Федэрацыі адвакатуры, які праходзіў у верасні ва Уроцлаве. У працы Кангрэсу прымалі ўдзел прадстаўнікі адвакацкіх арганізацый з Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Швейцарыі, Люксембурга, Бельгіі, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Турцыі, Украіны. Беларусь на гэтым маштабным мерапрыемстве прадстаўляў вопытны юрыст, пазбаўлены ўладамі права займацца адвакацкай дзейнасцю, Павел Сапелка.

- Павел, цікава, чаму менавіта Вы былі запрошаныя на Кангрэс FBE як прадстаўнік Беларусі?

- Гэты Кангрэс арганізоўваўся польскай арганізацыяй адвакатаў, і па іх запрашэнні я патрапіў на гэтае мерапрыемства. У прынцыпе, у польскіх адвакатаў была спроба запрасіць прадстаўнікоў калегіі адвакатаў з Беларусі, але ім адказалі, што калегію адвакатаў не цікавіць сяброўства ў міжнародных арганізацыях. Таму, я мяркую, іх выбар быў на маю карысць, з аднаго боку. З іншага боку, пасля я зразумеў, што іх вельмі цікавіць сітуацыя з адвакатурай у цэлым і ў прыватнасці сітуацыя з ціскам на адвакатаў, якая мае месца ў Беларусі апошнія... ўжо амаль год.

Для даведкі: Еўрапейская Федэрацыя адвакатуры (FBE) была заснавана ў Барселоне 23 траўня 1992 года. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Страсбургу. Сябрамі FBE могуць стаць любыя нацыянальныя і рэгіянальныя адвакатуры і юрыдычныя арганізацыі з краін, якія ўваходзяць у Савет Еўропы. На сённяшні дзень у Федэрацыю ўваходзяць 210 арганізацый, якія прадстаўляюць 800 тысяч юрыстаў. FBE праводзіць свае кангрэсы два разы на год, кожны - у новым еўрапейскім горадзе. 21-24 верасеня 2011 года кангрэс праходзіў ва Уроцлаве. Яго арганізатарам стаў Нацыянальны Савет юрыстаў - найбуйнейшая ў Польшчы юрыдычная асацыяцыя, якая аб'ядноўвае амаль 40 тысяч юрыстаў.

- Звычайна на Кангрэс FBE запрашаюць прадстаўнікоў краін, якія ўваходзяць у Савет Еўропы...

- Так, сябрам гэтай Федэрацыі можа быць адвакацкая калегія з дзяржавы-сябра Савета Еўропы, але калі калегія прадстаўляе дзяржаву,што не ўваходзіць у СЕ, то яна атрымлівае статус назіральніка. Такім чынам, калі б беларуская калегія адвакатаў - гарадская, абласная альбо рэспубліканская - захацелі б стаць сябрамі Федэрацыі, то ім бы мог быць прадастаўлены статус назіральніка, што ў прынцыпе прадугледжвае іх удзел і ў навуковай частцы праграмы Кангрэсу і ў працы камітэтаў.

- У якой частцы працы Кангрэсу Вы прымалі непасрэдны ўдзел?

- Праграма Кангрэсу была падзелена на некалькі частак. Гэта навуковая частка, якая праходзіла ў форме дакладаў некалькіх адвакатаў, аб'яднаных агульнай тэмай "Адвакатура і сацыяльныя сеткі", дзе даследвалася праблема ўзаемаадносін адвакатуры, сацыяльных сетак і іх магчымасцяў у рэкламаванні паслуг адвакатаў. Адпаведна, абмяркоўваліся небяспека, пагрозы і перспектывы, якія нясе ў сабе гэтая праца. Акрамя таго, у рамках Кангрэсу працавала некалькі камітэтаў Федэрацыі. Я ўдзельнічаў у працы двух з іх - Міжнароднага камітэта і Камітэта па правах чалавека. Падчас паседжання Міжнароднага камітэта абмяркоўваліся пытанні, якія датычацца становішча ў адвакатуры краін Усходняй Еўропы, і разам са мной на паседжанне былі запрошаны, у прыватнасці, прадстаўнікі Малдовы, Украіны, Арменіі і Грузіі. І там вельмі вялікая ўвага надавалася, як я ўжо сказаў, пераследу адвакатаў і таму ціску на інстытут адвакатуры ў цэлым, які цяпер назіраецца ў Беларусі.

- Калі прайсціся па змесце Справаздачы Кангрэса FBE "Правы чалавека і роля адвакатаў", то трэба адзначыць, што ў частцы пра Еўропу і Сярэднюю Азію ёсць кароткае апісанне сітуацыі ў Беларусі. А менавіта - са спасылкай на даклад Human Rights Watch там гаворыцца пра крымінальную справу праваабаронцы Алеся Бяляцкага ...

- Так, гэтае пытанне абмяркоўвалася на паседжанні Камітэта па правах чалавека FBE. І ўвогуле было прыемнай нечаканасцю, што ў першую чаргу Федэрацыю цікавяць праблемы менавіта адвакатуры. А ў дадзеным выпадку FBE цікавілі і праблемы праваабарончага руху Беларусі ў цэлым, і канкрэтна - пераслед, на мой погляд, аднаго з самых яскравых яго прадстаўнікоў Алеся Бяляцкага.
Таксама хачу адзначыць, што вельмі вялікая ўвага была нададзена праблеме існавання ў Беларусі смяротнага пакарання. Прадстаўнікі калегій адвакатаў з поўнай сур'ёзнасцю паставіліся да гэтага, і гэтае пытанне абмяркоўвалася з мэтай далейшага ўключэння яго ў Дэкларацыю FBE па смяротным пакаранні [гэты дакумент апублікаваны на сайце FBE - заўв. рэд.].

- Пасля тых абмеркаванняў, у якіх Вы прынялі ўдзел, і размоваў з замежнымі адвакатамі якую ацэнку можаце даць становішчу адвакатуры ў Беларусі на фоне іншых дзяржаў?

- За станам адвакатуры ў суседніх дзяржавах я сачу ўжо даўно. У прыватнасці, гэта было прадметам абмеркавання на семенары АБСЕ у 2006-ым годзе, у якім я прымаў удзел. І, вядома ж, зараз была добрая нагода для таго, каб, сустрэўшыся з калегамі, абмеркаваць стан спраў у адвакатурах нашых дзяржаў.
І ў прынцыпе, заканадаўча становішча адвакатуры ў Беларусі на сённяшні дзень замацавана, у параўнанні з некаторымі іншымі дзяржавамі, нядрэнна. Таму што, напрыклад, ва Украіне адвакатура яшчэ наогул знаходзіцца ў стадыі станаўлення, адвакатура ў Грузіі цяпер падвяргаецца досыць сур'ёзнаму прэсінгу. У Арменіі адвакатура, па словах прадстаўніка гэтага інстытута, у прынцыпе сябе пачувае нядрэнна, у Малдове - ужо выходзіць на свой так бы мовіць інстытуцыянальны ўзровень...
Але ў Беларусі стан адвакатуры можна было абмяркоўваць, і абмяркоўваць больш-менш канструктыўна, да 19-га снежня мінулага года. Зараз стану гэтага інстытута ў Беларусі даць нейкае ёмістае азначэнне, на мой погляд, складана. Пра гэта кажуць і тыя ўзрушэнні, якія ён зведаў, у тым ліку кадравыя, у тым ліку арганізацыйныя. Пра гэта кажа меркаваная да прыняцця рэдакцыя Закона "Аб адвакатуры", якая ўжо прайшла першае чытанне ... І калі я ў агульных рысах апісваў гэтую рэдакцыю закона, мы ўсё сышліся на тым, што адвакатура ў Беларусі ператворыцца з незалежнага інстытута фактычна ў дэпартамент адвакатуры Міністэрства юстыцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства