Пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу супраць намесьніка начальніка міліцыі Савецкага РУУСа палкоўніка Яўгена Гуранкова, які зьбіў Антона Кішкурну, у выніку чаго той атрымаў пералом рукі.
Нагадаем, 26 сакавіка палкоўнік Гуранкоў разам з двума падначаленымі выцягнулі з машыны Антона Кішкурну і моцна зьбілі. У шпіталі мэдыкі канстатавалі пералом рукі. Антон колькі дзён правёў ў шпіталі, дзе яму зрабілі апэрацыю і пасьля гэтага яшчэ месяц быў у гіпсе. Антон зьвярнуўся ў пракуратуру, каб супраць міліцыянтаў распачалі крымінальную справу. Тым часам міліцыянты абвінавацілі Антона ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Суд пакараў хлопца штрафам.
Усе спадзяваліся на тое, што пракуратура правядзе сьледзтва і прыцягне Яўгена Гуранкова да крымінальнай адказнасьці за злоўжываньне службовым становішчам. Кропку ў справе паставіў судмэдэкспэрт. У сваім заключэньні ён напісаў, што ў Антона рука была зламаная яшчэ сем месяцаў таму.
Такое заключэньне судмэдэкспэрта, магчыма, з’яўляецца вынікам таго, што летась судмэдэкспэртызу падпарадкавалі пракуратуры.
Як паведамляе Радыё Свабода, Антон Кішкурна мае намер падаць скаргу ў гарадзкую пракуратуру. Ён спадзяецца на тое, што там разьбяруцца ў справе і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.