viasna on patreon

Праваабаронцы і палітыкі абмеркавалі рэпрэсіўныя папраўкі ў заканадаўства

2011 2011-10-29T12:26:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zakony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 кастрычніка лідэры арганізацыяў дэмакратычнай апазыцыі абмеркавалі з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасьці зьмест апошніх рэпрэсыўных паправак да заканадаўства. Прадметам размовы сталі зьмены ў заканадаўства пра масавыя акцыі, у заканадаўства аб замежнай дапамозе, адказнасьць за яго парушэньне, а таксама зьмены, што былі прапанаваныя ў заканадаўства аб органах дзяржаўнай бясьпекі.

Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Камітэту “Салідарнасьць”, Цэнтру прававой трансфармацыі, Цэнтру па правах чалавека азнаёмілі лідэраў дэмакратычнай апазыцыі з узгодненай ацэнкай праваабаронцамі тых пагрозаў, якія нясуць новыя законы. Асаблівая ўвага была зьвернутая на тое, што гэтыя рэпрэсыўныя зьмены закрануць ня толькі грамадзянскую супольнасьць, але стануць падставай для сыстэмнага й значнага абмежаваньня правоў усіх грамадзянаў Беларусі як у грамадзка-палітычнай, так і ў сацыяльна-эканамічнай сфэры.

З боку палітычных арганізацыяў у кансультацыях прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі “Справядлівы Сьвет”, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі й Руху “За свабоду”. Гэтыя палітычныя суб’екты ўжо далучыліся да заяваў, якія былі накіраваныя няўрадавымі арганізацыямі ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем скарыстаць мэханізмы папярэдняга канстытуцыйнага кантролю дзеля недапушчэньня легалізацыі ў заканадаўстве тых практыкаў, што зьвязаныя з парушэньнямі канстытуцыйных правоў грамадзянаў.

Праваабаронцы і палітыкі ўзгаднілі  пазыцыі й трактоўкі рэпрэсыўных  зьменаў і абмеркавалі магчымую супольную рэакцыю й грамадзкія дзеяньні ў накірунку прадухіленьня негатыўных наступстваў гэтых зьменаў. Адбылася дыскусія адносна таго, якія мэты могуць быць пастаўленыя ў далейшай дзейнасьці й што яшчэ можа быць зроблена грамадзянскай супольнасьцю ў справе прыцягненьня ўвагі да гэтай праблемы.

Сустрэча была арганізаваная Асамблеяй НДА ў памяшканьні Ўправы БНФ з ініцыятывы кааліцыі шасьці дэмакратычных палітычных аб’яднаньняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства