Салігорск: Улады пачалі звяртаць увагу на правы людзей з абмежаваным фізічнымі мігчымасцямі
Мясцовыя улады пачалі праяўляць большую актыўнасць у справе забеспячэння правоў асоўбаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У Салігорску нават прайшло выязное паседжанне абласной калегіі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, асноўныя пытанні на якім датычыліся безбар’ернага асяродку і выканання адпаведнай праграмы ў рэгіёне.
Як адзначаюць салігорскія праваабаронцы, апошнім часам у рэгіёне насамрэч назіраецца пэўны прагрэс у гэтай сферы:
- З’явілася некалькі новых пандусаў у важных грамадскіх установах, у паліклініцы вырашылі пытанне з вузкім ліфтом, ды і агулам пачалі больш увагі надаваць праблеме безбар’ернага асяродку, - кажа сябра Беларускага Хельсінгскага камітэту Леанід Мархотка. - Дзяржаўныя СМІ пачалі актыўней удзымаць гэта пытанне. Прычым бачна, што рэпартажы на тым жа Салігорскім тэлеканале робяцца не дзеля галачкі.
Змены ў стаўленні дзяржавы да людзей з абмежаваным магчымасцямі салігорскія праваабаронцы наўпрост звязваюць з праведзеным імі у 2009 годзе маніторныгам даступнасці аб’ектаў у горадзе. Аднак, на думку Леаніда Мархоткі, не ўсё так вясёлкава:
- Нягледзячы на вышэйадзначаныя пазітыўныя тэндэнцыі, неабходна канставатаваць, што “Дзяржаўная праграма па безбар’ерным асяродку і жыццядзейнасці фізічна аслабленых асобаў на 2007-2010 гады” ў рэгіёне была фактычна правалена. Хочацца верыць, што праграма прынятая на 2011-2015 гады будзе куды больш выніковай.
Акрамя таго мясцовыя праваабаронцы выказваюць шкадаванне, што ўлады не запрашаюць іх на важныя паседжанні датычныя безбар’ёрнага асяродку і правоў асобаў з амбежаванымі фізічнымі магчымасцямі.