Участковыя наведваюць бабруйчан позна вечарам
У бабруйскіх участковых з’явілася новая “мода”, - прыходзіць ці тэлефанаваць асобам, якія іх цікавяць, позна вечарам. Асуджанаму ўлетку за маўклівую акцыю Алесю Сушчэўскаму, напрыклад, супрацоўнік міліцыі патэлефанаваў у пятніцу, каля 23.00 вечара.
-Я вельмі гэтаму абурыўся, - дзеліцца ўражаннямі Алесь Сушчэўскі. – Не разумею, навошта тэлефанаваць так позна? Ён хацеў каб я падпісаў нейкую паперу, па якой я мусіў паабяцаць не хадзіць на плошчу 2 лістапада. Самае цікавае, я нават не ведаў, што нешта на гэты дзень плануецца. Як аказалася, гэта быў участковы па раёну маёй старой прапіскі, я даўно не жыву там. Я патрабаваў ад міліцыянта афіцыйную і правільна складзеную паперу.
Да журналісткі Алесі Скапінцавай участковы таксама завітаў у пятніцу, каля дзевяці гадзін вечара. Яе ў гэты час не было дома, і міліцыянт паведаміў родным, што “цікавіцца яе дзейнасцю”. Недзе месяц таму ўчастковы Леанід Максімаў ужо тэлефанаваў бабруйчанцы на мабільны тэлефон з прозьбай сустрэцца і паразмаўляць.