У Свіслачы ўшанавалі паўстанцаў
Напярэдадні Дзядоў у Свіслачы на Гарадзеншчыне 16-ы год запар адзначылі Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. Акцыя памяці прайшла ў традыцыйным фармаце: спачатку прысутныя наведалі магілу Віктара Каліноўскага, ідэолага паўстання, старэйшага брата Кастуся Каліноўскага. Там былі кароткія прамовы, запальванне знічак, хвіліна маўчання і спеў гімну “Магутны Божа”. Затым удзельнікі акцыі скіраваліся ў цэнтр гораду, дзе ўсклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.
Перад прысутнымі выступалі краязнаўцы і палітыкі. Анатоль Лябедзька адзначыў актуальнасць змагання за незалежнасць і назваў зніклых у 1999-ым годзе палітыкаў прадаўжальнікамі справы паўстанцаў. Затым калона з аўтамабіляў і аўтобуса скіравался ў Якушоўку – колішні родавы фальварак Каліноўскіх. Мясцовыя актывісты расказалі пра гісторыю сядзібы, новыя сябры Маладога фронту склалі прысягу ля памятнага крыжа.
Дзень памяці паўстанцаў 1863 году сабраў сёлета каля 90 грамадска-палітычных актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі – Гародні, Свіслачы, Мінску, Берасьця, Кобрыня, Мастоў, Бярозаўкі, Ваўкавыску. Увесь час супрацоўнікі сілавых структураў у цывільным здымалі акцыю на відэа, удзельнікаў суправаджаў таксама картэж з некалькіх міліцэйскіх аўтамабіляў.