Разгляд крымінальнай справы грамадзкай незарэгістраванай арганізацыі "Партнёрства" прызначаны на 20 ліпеня
Пакуль афіцыйнага абвяшчэньня яшчэ не было: дату суду паведаміла сакратарка судзьдзі Ясіновіча, які зараз знаходзіцца ў адпачынку.
Сваякі арыштаваных актывістаў "Партнёрства" Аляксандара Шалайкі, Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай і Цімафея Дранчука, якія знаходзяцца пад арыштам з 21 лютага, лічаць, што менавіта перад судом ім мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Бацька Цімафея Дранчука Валеры кажа: "Мы зараз выбіраем усе сродкі, каб абараніць нашых дзяцей. Абараніць гэта значыць вызваліць іх з-пад варты да суда. Самы складаны пэрыяд. Сьледзтва скончана, знаёмства з матэрыяламі скончана. Я не разумею чаго тут баяцца. Цімафей пад час нашага спатканьня сказаў: "Я не зьбіраюся хавацца, зьбягаць, уцякаць. Я хачу абараняць і даказваць сваю невінаватасьць у судзе! Калі я буду зьбягаць гэта будзе азначаць прызнаньне маёй віны".
Цімафей Дранчук імкнецца зрабіць неабходныя працы для дыстанцыйнага навучаньня ў Эўрапэсйкім Гуманітарным Унівэрсытэце. Але цяпер, ва ўмовах сьпякоты, піша ён у лістах, пакутліва проста ляжаць ня тое, што працаваць над кантрольнымі. Валеры паспрабаваў перадаць сыну ў камэру вэнтылятар: "Затэлефанаваў у адміністрацыю сьледчага ізалятара КДБ сёньня, запытаўся, ці магу я перадаць вэнтылятар Цімафею. Нехта Мікалай Васільевіч сказаў, што гэта вялікая раскоша. Маўляў, можа яшчэ і пральную машыну перадаць наступным разам?"
Дзякуючы Аляксандру Сакалову, загадчыку сьледчага ізалятару, дазвол на перадачу вэнтылятара Валеры Дранчук атрымаў.
Маці Эніры Браніцкай, спадарыня Віялета, днямі мела першае цягам 4-х месяцаў спатканьне з дачкой. Нядаўна Эніру перавялі са сьледчага ізалятару КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. Спадарыня Віялета кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Эніры зьявілася тое, што яна не паліць: "Сем чалавек у камеры паляць па пачаку цыгарэт на дзень. Яна выпрасіла ў іх 20 хвілін на дзень, калі яны не паляць пакуль яна "качае" прэс. Падчас прагулкі яна робіць зарадку. А потым, у камэры, "качае" прэс. Запыталася ў яе: "А цягам дня ляжаць вам можна? Падём жа ж а 6 ранку". Кажа: гледзячы, якая зьмена аховы. Пры некаторых можна. Пры некаторых нельга".
Спадарыня Віялета кажа, што Эніра моцная асоба і знаходзіць розныя сродкі падтрымаць моц духу нават у гэткіх умовах.