Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства рашуча асудзіў прысуд Алесю Бяляцкаму (тэкст заявы)
29 лістапада прадстаўніца Праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Рэвяка выступіла на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць у Познані, з заявай у падтрымку Алеся Бяляцкага. Ужо ўвечары прайшло галасаванне ўдзельнікаў Форума, якія падтрымалі Заяву, тым самым выказаўшы рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу праваабаронцы.
Заява Форума
грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
24 лістапада ў Беларусі быў вынесены палітычна матываваны прысуд вядомаму
праваабаронцу, кіраўніку Праваабарончага цэнтра "Вясна",
віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму.
Беларускі суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва
буйным памеры і асудзіў да 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з
канфіскацыяй маёмасці.
Такім чынам, вядомы праваабаронца папоўніў спіс палітычных
зняволеных у Беларусі.
Алесь Бяляцкі прызнаны на міжнародным узроўні бесстароннім
і сумленным праваабаронцам, які паслядоўна і прынцыпова адстойвае ідэалы правоў
чалавека і дэмакратыі ў аўтарытарнай сітуацыі.
Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
выказвае рашучы пратэст супраць прысуду ў дачыненні да Алеся Бяляцкага і
пацвярджае пазіцыю з нагоды яго пераследу і арышту, якую прынялі больш за 50
удзельнікаў Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў адпаведнай
заяве 29 жніўня 2011 г.
Мы заяўляем наступнае:
• Судовы пераслед і абвінавачванне Алеся Бяляцкага ва
ўхіленні ад выплаты падаткаў не могуць схаваць сапраўдных прычынаў рэпрэсій у
дачыненні да праваабаронцы. Мы перакананыя ў тым, што падатковыя
абвінавачванні, звязаныя з раскрыццём асабістых банкаўскіх рахункаў
праваабаронцы ў краінах Еўрасаюза, з'яўляюцца толькі падставай для ізаляцыі адной
з галоўных постацяў праваабарончага руху. Дадзеныя рахункі выкарыстоўваліся для
атрымання сродкаў выключна на ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.
• Мы падкрэсліваем, што суд не змог устанавіць нават
ўскоснага пацверджання віны Алеся Бяляцкага, за якую ён быў несправядліва
пакараны.
• Мы лічым, што прысуд, вынесены Алесю Бяляцкаму,
з'яўляецца вынікам шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у
дачыненні да праваабарончых групаў і праваабаронцаў за іх крытыку
нездавальняючай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
Мы заклікаем дзяржавы-сябры Еўрапейскага Саюза прыняць
сумесныя меры для вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных зняволеных,
паколькі існаванне палітычных зняволеных у краінах, якія падпісалі Дэкларацыю
Усходняга партнёрства, недапушчальнае.
Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення і
поўнай рэабілітацыі Алеся Бяляцкага.