Слонімскі райвыканкам не ведае сваіх жа рашэнняў?
Слонімскі райвыканкам не дазволіў пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага па той прычыне, што не ведае месцаў, вызначаных для правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэта вынікае з адказу старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча на заяўку на пікет, пададзеную Іванам Шэгам.
Сп. Шэга як адзін з лідэраў слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў хацеў атрымаць дазвол на правядзенне пікета ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Слоніме 3 снежня. У адказе заяву, падпісаным старшынёй Слонімскага райвыканкама Іосіфам Паўлюкевічам, паведамляецца, што райвыканкам не дае дазволу на правядзення пікету, бо “названае месца правядзення пікета не адпавядае рашэнню Слонімскага райвыканкама ад 24 красавіка 2002 года № 152 “Аб зацвярджэнні месцаў, вызначаных для правядзення масавых мерапрыемстваў у Слонімскім раёне”.
Атрымліваецца, што сам старшыня райвыканкама не ведае рашэнняў райвыканкама. Бо сёлета ў верасні райвыканкам прыняў новае рашэнне аб месцах правядзення масавых мерапрыемствах – і такім месцам вызначаны гарадскі парк на Опернай вуліцы. Пра гэта паведамляў і “Слонімскі веснік” у нумары ад 28 верасня 2011 года. І менавіта гэтае месца ўказаў Іван Шэга ў сваёй заяве на пікет. Атрымліваецца, што адмовіць слонімцу ў правядзенні пікета райвыканкам падставаў не меў. Няўжо раённыя чыноўнікі ў Слоніме ўжо не памятаюць сваіх папяровых рашэнняў?