Мітынг у Берасьці забаронены
Берасьцейскія ўлады забаранілі мітынг "За свабоду! За незалежнасьць!", прысьвечаны 16-й гадавiне прыняцьця Дэклярацыi аб дзяржаўным суверэнiтэце Беларусі, паведаміла Радыё Свабода.
Спачатку Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў правесьці мітынг на стадыёне "Будаўнік". Аднак 25 ліпеня ўвечары арганізатараў мерапрыемства выклікалі ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму, дзе адмовілі ў правядзеньні мітынгу.
Намесьнік кіраўніка гарадзкой вертыкалі Вячаслаў Хафізаў патлумачыў: напярэдадні ў Берасьці распаўсюджваліся ўлёткі з заклікам супраць дзейнага ладу. Акрамя таго, улады зьвярнулі ўвагу на подпіс пад улёткамі "Абяднаныя дэмакратычныя сілы Берасьця": такая арганізацыя ў вобласьці не зарэгістравана.
На думку аднаго зь ініцыятараў мерапрыемства, старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Юрася Губарэвіча, асноўнай з прычынаў адмовы паўстаў планаваны ўдзел у мітынгу лідэра абяднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.