Візыт Мілінкевіча быў важны для палітзьняволенага Фінькевіча
26 ліпеня ў Магілёве адбылася сустрэча лідэра абяднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча з палітзьняволеным Артурам Фінькевічам. Сустрэча праходзіла на тэрыторыі камэндатуры, дзе адбывае пакараньне актывіст, бо па невядомых прычынах сёньня яго не выпусьцілі на працу. На працягу ўсёй размовы Аляксандра Мілінкевіча з палітзьняволеным прысутнічаў начальнік папраўчай установы, падпалкоўнік міліцыі Аляксандра Ламаза.
Падчас сустрэчы Аляксандр Мілінкевіч выказаў маральную падтрымку Артуру Фінькевічу і сказаў, што ён салідарны з хлопцам і яго сямёй:
- Я ганаруся, што ў нас ёсць такая моладзь, якая змагаецца за незалежнаьсць і дабрабыт нашай краіны, нягледзячы на жорсткія рэпрэсыі збоку ўлады. Гэтыя людзі аддалі сваю свабоду дзеля нашай агульнай мэты свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай Беларусі.
Артур Фінькевіч адзначыў, што гэты візыт зьяўляецца для яго надзвычай важным, бо паказвае салідарнасьць зь яго ўчынкамі і ёсьць ацэнкай ягонай дзейнасьці на карысьць пабудовы незалежнай дэмакратычнай Беларусі.
Перад сустрэчай Артуру Фінькевічу ўлады забаранілі даваць любыя камэнтары пра яго побыт і жыцьцё ў папраўчай установе. Палітзьняволены можа рабіць гэта толькі з дазволу кіраўніка УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Актывісту былі перададзеныя прадукты харчавання, кнігі і прымач, паведамляе прэс-служба Аляксандра Мілінкевіча.