Пасля пратэстаў рабочым змянілі ўмовы аплаты працы
Пасля разбіральніцтваў, выкліканых пратэстам рабочых вагоннага дэпо Брэст-Усходні ў сярэдзіне снежня наконт недаплачаных грошай у кастрычніку-лістападзе, 28 снежня работнікам далі для азнаямлення і подпісу папярэджанне аб змяненні ўмоваў аплаты працы. У дакуменце ад 20 кастрычніка 2011 года паведамляецца пра павышэнне тарыфнай стаўкі з 1 кастрычніка бягучага года. Падпісваць папярэджанне патрэбна ад 20 кастрычніка, заднім чыслом.
Недаплачаныя грошы за кастрычнік-лістапад павінны быць выдадзены падчас выплаты снежаньскага і студзеньскага заробкаў.
За несвоечасовае азнаямленне рабочых вагоннага дэпо з інфармацыяй пра істотнае змяненне ўмоваў аплаты працы панеслі пакаранне ў выглядзе строгіх вымоваў начальнік Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі, начальнік вагоннага дэпо, начальнік і майстар вагоннага дэпо Брэст-Усходні.