viasna on patreon

Сайт Хартыі ўзламалі, выдалілі змест

2011 2011-12-30T08:46:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Узламаныя паролі ад адміністрацыйнай часткі рэсурсу, пішуць рэдактары сайта. Наталля Радзіна абяцае аднавіць увесь архіў як найхутчэй.

Рэдакцыя сайта зазначае, што не мае ніякага дачынення да матэрыялу «Дзе Саннікаў?», размешчанага на сайце пэўны час таму. Відавочна, што артыкул размясцілі тыя, хто ўзламаў, каб зганьбаваць жонку палітвязня і яго адвакатку. Рэдактары сайта мяркуюць, што тое зрабілі лукашэнкаўскія спецслужбы.

Пазней ад Хартыі прыйшло паведамленне, што хакеры, якія ўзламалі сайт, выдаляюць ягоны змест.

Хартыстам не адразу ўдалося спыніць узломнікаў. Магчыма, тэхнічныя супрацоўнікі сайта проста не працавалі ў гэтыя перадсвяточныя гадзіны. Матэрыялы на сайце знікалі проста на вачах. Па стане на 17.40 іх не засталося зусім.

Выдалены цалкам і змест беларускамоўнай і англамоўнай старонак.

Толькі прыкладна а 18.20, праз паўтары гадзіны пасля хаку, рэдактарам сайта ўдалося цалкам спыніць доступ да яго.

Наталля Радзіна піша, што «гэтая беспрэцэдэнтная атака толькі даказвае эфектыўнасць нашай працы». Хартысты абяцаюць аднавіць увесь архіў як найхутчэй.

«Сервер не скампраметаваны і слабінаў на самім сайце няма, — піша electroname.com. — Злачынцы сумелі завалодаць паролем ад адміністратыўнай часткі CMS і ўручную выдалілі частку архіва. Напад ажыццяўляўся з IP 199.255.209.76, 178.124.157.86 ды інш.

Імаверна, пароль удалося перахапіць з дапамогай траяна, устаноўленага на адным з камп’ютараў супрацоўнікаў сайта. Доступ да сайту зачынены і ў найбліжэйшы час кантэнт будзе адноўлены з бэкапу. Пасля гэтага сайт запрацуе ў нармальным рэжыме».

Нагадаем, што пасля Плошчы хартысты эмігравалі і працуюць з-за межаў Беларусі.

23.30. Пасля шасці гадзін нячыннасці апазіцыйны сайт ізноў дзейнічае.

У рэдакцыйным звароце хартыйцы пішуць, што не змогуць аднавіць кантэнт сайта за апошнія тыдні. У той жа час асноўная частка архіваў захавалася. Відаць, хартыйцы не рабілі бэкапаў рэгулярна.

Рэдактарка сайта Наталля Радзіна абяцае нязменнасць свайго курсу. «Мы перажылі гібель Бябеніна, некалькі крымінальных справаў і канфіскацыю тэхнікі. Паверце, мы перажывём і сённяшнюю атаку, — і дадае, — а нехта з КДБ і ААЦ атрымае ў лоб».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства