Перад Новым годам бабруйская міліцыя праводзіць абыход актывістаў
Вечарам 30 снежня участковы наведаў дома Канстанціна Локцева, які быў старшынём аргкамітэта бабруйскага Народнага сходу, і быў за гэта пакараны трыма суткамі арышту.
-Мяне наведалі па месцы жыхарства, у Бабруйскім раёне, - расказвае Канстанцін Локцеў. – Спачатку мне патэлефанавалі, і пыталіся, ці жыве ў гэтым доме нейкі Генадзь, хто ўвогуле жыве. Я так разумею, проста прабівалі, ці я на месцы. Бо зусім хутка прыйшоў участковы, лейтэнант Андрэй Сілівончык. Ён прапанаваў мне прайсці з ім у апорны пункт, бо нібыта ёсць пастанова на мой арышт на трое сутак. Давялося яму тлумачыць, што гэтае пакаранне я ўжо адбыў, ён з кімсьці стэлефаноўваўся, удакладняў. Сышоў толькі пасля таго, як я яму паказаў пастанову суда і копію пратакола са спісам асабістых рэчаў з ІЧУ. На развітанне лейтэнант папрасіў, каб я далёка нікуды не з’яжжаў.
Нагадаем, што падобная гісторыя адбылася і з Віктарам Бузінаевым на некалькі дзён раней.
Таксама 31 снежня міліцыянт прыходзіў дахаты да бабруйскай журналісткі Алесі Скапінцавай. Яе ў гэты час не было дома, і чалавек, які прадставіўся “супрацоўнікам УУС” паведаміў сваякам, што “хацеў бы паразмаўляць”, але аб чым -- не сказаў.