Валеры Беразіенка просіць Генеральную пракуратуру даць прававую ацэнку словам прэзідэнта
Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай партыі
левых “Справядлівы свет” прафесар Валеры Беразіенка накіраваў ліст Генеральнаму
пракурору Рэспублікі Беларусь Аляксандру Канюку. У лісце ён просіць даць
прававую ацэнку выказванням Аляксандра Лукашэнкі з нагоды фальсіфікацыі ім
выбараў, а таксама просіць правесці праверку дзейнасці Цэнтрвыбаркама і
высветліць, ці парушалася ім выбарчае заканадаўства.
“Мяне здзіўляюць заявы нашага прэзідэнта, калі ён кажа пра тое, што апошнія
выбары былі сфальсіфікаваныя. З ягоных словаў, з 93,5% прагаласаваўшых за яго
ён даў загад зрабіць 86%. Аляксандр Лукашэнка таксама кажа, што апошнія выбары
прайшлі па паняццях Еўрасаюза, а не па беларускаму заканадаўству”, - гаворыць
Валеры Беразіенка.
“Мне таксама цікава ведаць, чаму ігнаруецца наша выбарчае заканадаўства і
адбываюцца выбары “па паняццях ЕС”. Таксама я прашу адказаць на пытанне, на
якой падставе Аляксандр Лукашэнка перадаў іншым дэмакратычным кандыдатам 600
тысячаў подпісаў, пра што ён заяўляў раней? Хто дазваляў яму гэта рабіць і дзе
ў законе пазначана такая працэдура?”, - абураецца Валеры Беразіенка.