Кіроўцы аўтобусаў пратэстуюць
У Маладэчне на працягу апошняга тыдня на некаторых гарадскіх аўтобусах можна было ездзіць без квітка. Справа ў тым, што кандуктараў, якія бяруць аплату за праезд, не хапае, і гэту функцыю ўсклалі на кіроўцаў. Тыя ў якасці пратэсту вырашылі перавозіць пасажыраў бясплатна.
Квіткі на праезд у маладэчанскім грамадскім транспарце можна набыць толькі непасрэдна ў кандуктараў. Апошнім часам кандуктары масава пазвальняліся з-за нізкага заробку. Кіраўніцтва аўтапарку вырашыла праблему за кошт кіроўцаў. Якім чынам кіроўца можа забяспечыць усіх квіткамі, асабліва ў гадзіны пік, і пры гэтым не спазняцца па графіку – незразумела.
Такім чынам, кіроўцы аўтобусаў, якія і без таго скардзяцца на неадэкватную аплату працы, вырашылі не падпарадкоўвацца распараджэнням начальства. У выпадку павелічэння на іх ціску многія настроены на звальненне.