Гародня: міліцыя зноў турбуе грамадска-палітычных актывістаў
Апошнія дні міліцыя зноў турбуе мясцовых грамадска-палітычных актывістаў – на гэты раз прадстаўнікоў Партыі БНФ. У сераду невядомыя некалькі разоў званілі ў кватэру сябра рады мясцовай арганізацыі Валерыя Кісяля. У паштовай скрыні пазней ён знайшоў дзіўную позву – з’явіцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю для пастаноўкі на ўлік. Прадстаўнік БНФ не выключае, што такім чынам яго хочуць прымусіць здаць адбіткі пальцаў. Пры тым, Валер Кісель некалі ужо здаваў іх пасля аднога з затрыманняў – праўда, было гэта яшчэ да з’яўлення закону аб абавязковай дактыласкапіі.
Падобным чынам патурбавалі і старшыню гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Паводле ягонай ацэны такія захады прадстаўнікоў міліцыі могуць быць звязаныя з актывізацыяй партыйнай суполкі. “Спецслужбы адсочваюць нашу дзейнасць і магчыма хочуць прадэманстраваць, што яны ўсё кантралююць і ведаюць. А якраз заўтра адбудзецца Сойм Партыі БНФ, на які наша гарадзенская арганізацыя падрыхтавала адмысловы зварот” – кажа Вадзім Саранчукоў.