«Супераператыўнасць» смалявіцкай раёнкі: аб РПСС - праз паўгода пасля падзей
Прайшло ўжо паўгода з таго часу, як па гарадах Беларусі пракацілася хваля Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі (РПСС), а газета Смалявіцкага райвыканкама толькі зараз знайшла час упершыню згадаць пра гэтую з'яву, ды і то ў абразьлівым тоне.
Смалявічы падчас РПСС у чэрвені мінулага года вылучыліся: мясцовыя ахоўнікі правапарадку змаглі затрымаць і пратрымаць ў міліцыі больш за тры гадзіны дэмактывіста Артура Эшбаева (на фота) разам з жонкай і трохгадовым сынам. Тады ў мясцовай “раёнцы” “Край Смалявiцкi” аб гэтым не было надрукавана ні слова. І вось у студзені ўсё-ткі “прарвала”!
“Калі спецслужбы пэўных краін паспрабавалі разгарнуць так званую “рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі”, у рэспубліцы знайшлі інфармацыйныя спосабы супрацьстаяць ім, нічога не перакрываючы ў інтэрнэце. На гэта паквапіліся нешматлікія”. Гэтымі словамі пачынаецца матэрыял «Ролевая игра администратора сетевой революции» Леаніда Соўчага ў мясцовай “раёнцы” (нумар ад 19 - 20 ад 2012/01/25 г.).
Нічога новага, арыгінальнага аўтар, “асцерагаючы” арганізатара РПСС Вячаслава Дыянава, не прыдумаў. Цытата “за яго спіной, як адзначыў Лукашэнка, “стаялі канкрэтныя верхаводы з вялікім грашовым мяшком і ўзброеныя самай сучасай зброяй, у тым ліку сродкамі масавай інфармацыі”, сама за сябе кажа. Але вось сцвярджэнне аб тым, што “у сваіх сумневах беларусы апынуліся правы - Дыянаву плацілі за тое, каб быць тварам і рупарам сеткавай рэвалюцыі і несці груз “арганізатарскай” адказнасці” на фоне чэрвеньскай інфармацыі аб масавых затрыманнях у Смалявічах і іншых беларускіх гарадах, прымушае, прабачце за тоеслоўе, усумніцца ў “сумневах беларусаў”.
Зрэшты, магчыма, нават гэты опус у мясцовай “раёнцы” - толькі пацверджанне таго, што РПСС была не марнай. Хай і праз паўгода, але на старонках выканкамаўскага выдання вымушаныя былі прызнаць, што Рэвалюцыя праз сеткі ўсё ж была важнай падзеяй у горадзе і краіне.