Андрэй Саннікаў: «Потым пачаліся катаванні»
Ірына лічыць, што прашэнне з Андрэя “выбілі” сапраўднымі катаваннямі.
Яна сцвярджае, што на такі крок ён мог пайсці з-за пагроз сям’і.
“Андрэй разумее, у якім цяжкім стане я знаходжуся. Улічваючы, што па
прысудзе для мяне ўведзена “каменданцкая гадзіна” і я абавязана адчыняць
дзверы познім вечарам, калі яны прыходзяць з праверкай са словамі:
”Адчыняйце, міліцыя!”. Так да мяне можа прыйсці хто заўгодна, і я не
змагу не адчыніць дзверы. Андрэй гатовы памерці сам, але ён не дазволіць
прычыніць шкоду нам з Данікам”, — сказала жонка палітвязня.
Самыя
цяжкія пакуты — гэта пагроза жыццю тваіх блізкіх. А яшчэ месяцы ў
“адзіночнцы”, без лістоў, без сустрэч з адвакатам, без якіх-небудзь
вестак з волі, неаднаразовыя, па некалькі тыдняў, “транзіты” з калоніі ў
калонію, з хворымі на сухоты, з правакатарамі…
Больш за ўсё Ірыну ўсхвалявала тое, што падчас прэс-канферэнцыі 23
снежня Аляксандр Лукашэнка рабіў выгляд, што не ведае пра прашэнне
Саннікава. У той жа час, па яе звестках, Саннікаў вымушаны быў падпісаць
прашэнне яшчэ ў канцы лістапада. “Магчыма, Лукашэнку зусім не былі
патрэбны прашэнні аб памілаванні. Гэта адмазка для журналістаў, якія яму
задаюць пытанні. У яго іншая задача”, — гаворыць Ірына. Хаця сярод
іншых яна выказала і версію, што кіраўнік краіны, магчыма, пра прашэнне
нічога не ведаў, бо больш не кантралюе сітуацыю.
Спатканне з Анрэем
Саннікавым у калоніі “Віцьба-3” доўжылася дзве гадзіны з відэакантролем і
размовай праз шкло. Ірына распавяла, што за тры апошнія месяцы Андрэй
так змяніўся, што “стаў падобны на чалавека, за якім дзесяць гадоў
сталінскіх лагераў”.
“Ала Уладзіміраўна, маці Андрэя, плакала ўсе
чатыры гадзіны па дарозе дадому, бо першай фразай сына былі словы: “Я не
спадзяваўся, што яшчэ калі-небудзь цябе ўбачу”, — расказала Ірына, сама
ледзь стрымліваючы слёзы.
“Андрэй не мог распавесці пра тое, што
з ім адбылося за тры апошнія месяцы. Ён толькі змог перадаць: “Мая
адсідка скончылася яшчэ ў верасні. Потым пачаліся катаванні”, — сказала
Ірына Халіп.
Нагадаем, што менавіта ў верасні палітвязня
накіравалі этапам з Наваполацкай калоніі ў Віцебскую, адтуль — у
Магілёўскую, потым —
у калонію “Віцьба-3”… Праваабаронцы нават гэтыя
бясконцыя “этапы” лічаць катаваннямі, бо доўжацца яны не дзень і не
два, а іншы раз тыднямі.
“Спадзяюся, што ўбачымся яшчэ хоць раз”, —
сказаў Саннікаў на развітанне жонцы і маці. Але пасля апошняй сустрэчы з
мужам у Ірыны Халіп такой упэўненасці няма. Наступнае спатканне, згодна
з правіламі, павінна адбыцца толькі праз чатыры месяцы.
Прыкладна
праз тры гадзіны пасля прэс-канферэнцыі Міністэрства ўнутраных спраў
паведаміла, што прашэнне аб памілаванні Андрэй Саннікаў падаў 23 снежня
(менавіта ў той дзень, калі была прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі),
і толькі 23 студзеня 2012 года яно разам з падрыхтаванымі матэрыяламі
трапіла з калоніі ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання
Адміністрацыі прэзідэнта.