Волчак: на працэсе "не былі захаваны нават элементарныя межы закону"
Алег Волчак звязвае сваё затрыманне не з
сустрэчамі, што маюць адбыцца ў яго, а непасрэдна з праваабарончай
дзейнасцю. Пра гэта ён заявіў журналістам 31 студзеня пасля таго, як
выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), дзе правёў чацвёра
сутак паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве. Нагадаем,
былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб'яднання "Прававая
дапамога насельніцтву" (Кіеў) Алег Волчак быў затрыманы ў Мінску 27
студзеня. На вуліцы да яго падышоў міліцыянер, папрасіў для праверкі
дакументы і затрымаў. 30 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў
Волчака вінаватым у дробным хуліганстве. Сведкамі на слуханнях выступілі
супрацоўнікі міліцыі, якія сцвярджалі, што праваабаронца "лаяўся матам і
размахваў рукамі". Волчак абвінавачанні адмаўляў, аднак суддзя
Аляксандр Якунчыхін вынес абвінаваўчы прыгавор.
Як расказаў праваабаронца пасля таго, як выйшаў з ЦІП, спачатку яго
змясцілі ў камеру разам з асобамі без пэўнага месца жыхарства. "Там,
вядома, былі жудасныя ўмовы: пабітае акно, праз якое ў камеру пранікае
холад, увесь час гарыць лямпачка і цячэ вада з крана. Нас заклікаюць
эканоміць ваду і святло, а тым часам у ЦІП вада цячэ кругласутачна. Няма
матрацаў, даводзіцца спаць на голых дошках, і няма ніякіх чалавечых
умоў", — паведаміў Волчак.
Пры гэтым ён заявіў, што харчаванне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў
палепшылася. Замест двух разоў зняволеных цяпер кормяць тройчы на
дзень, прычым, напрыклад, у абед даюць нават катлеты, "якія можна есці",
адзначыў праваабаронца.
Каментуючы меркаванні некаторых інтэрнэт-рэсурсаў аб тым, што яго
затрыманне было звязана з запланаванымі паездкай за мяжу для ўдзелу ў
праваабарончым мерапрыемстве і сустрэчай з групай афіцэраў, Волчак
адзначыў: сустрэчы з воінамі-"афганцамі" і былымі афіцэрамі сілавых
структур "на нейтральнай тэрыторыі" сапраўды плануюцца. "Але мы не робім
нічога супрацьзаконнага, мы ствараем грамадскую арганізацыю", — дадаў
ён. (Волчак, былы ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, з'яўляецца
сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання ветэранаў
баявых дзеянняў "Абаронцы Айчыны".)
Сваё затрыманне Волчак звязвае з тым, што праваабаронцы і, у
прыватнасці, арганізацыя "Прававая дапамога насельніцтву", якую ён
узначальвае, "наблізіліся да палітычнай дзейнасці". Гэта выказваецца ў
складанні справаздач аб сітуацыі ў Беларусі, аналізе розных крымінальных
працэсаў і ў іншых сферах, растлумачыў Волчак.
Так, напрыклад, 23 студзеня "Прававая дапамога насельніцтву"
прэзентавала ў Мінску справаздачу па крымінальнай справе Алеся Бяляцкага
— віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, асуджанага ў
лістападзе 2011 года на 4,5 гады пазбаўлення волі за "ўтойванне даходаў у
асабліва буйным памеры".
Слуханне сваёй адміністрацыйнай справы ў судзе юрыст Волчак расцаніў як
"працэс, на якім не былі захаваны нават элементарныя межы закону".
"Затрымалі мяне паводле галаслоўнага абвінавачання, і суд нават не
задаволіў мае хадайніцтвы аб азнаямленні з пратаколамі", — заўважыў ён.
Праваабаронца мае намер падаваць у Мінскі гарадскі суд скаргу ў сувязі са сваім затрыманнем і рашэннем суда Цэнтральнага раёна.