viasna on patreon

Вынікі маніторынгу судовага працэсу па справе Алеся Бяляцкага

2012 2012-02-14T16:10:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" падрыхтаваў гэты дакумент па выніках маніторынгу судовага працэсу па крымінальнай справе ў дачыненні да старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.

Пра справу Алеся Бяляцкага

24 лістапада 2011 г. Першамайскім раённым судом горада Мінска асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Яму было прад'яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. Сам Алесь Бяляцкі віну не прызнаў, а абарона настойвала на яго апраўданні і вызваленні.

Праз два месяцы, 24 студзеня 2012 года, Мінскі гарадскі суд, які разглядаў справу ў касацыйнай інстанцыі, пакінуў прысуд Алесю Бяляцкаму без зменаў, адхіліўшы касацыйныя скаргі Бяляцкага і абароны.

Зараз праваабаронца, заключаны пад варту з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы (з 4 жніўні 2011 года), у Жодзінскай турме № 8 чакае этапавання ў калонію.

Міжнароднай супольнасцю Алесь Бяляцкі прызнаны вязнем сумлення.

Пра асобу Алеся Бяляцкага

Спецыяліст у галіне беларускай філалогіі, літаратар, перакладчык, Алесь Бяляцкі яшчэ са студэнцкіх часоў прысвяціў сябе папулярызацыі беларускай мовы і культуры, а ў 1986 годзе выступіў сузаснавальнікам літаратурнай суполкі “Тутэйшыя”.

Акрамя творчай працы, з пачатку 80-х гадоў актыўна адстойвае ідэі дэмакратыі і правоў чалавека. У 1988 годзе сумесна з аднадумцамі засноўвае першую праваабарончую арганізацыю ў Беларусі пад назвай “Мартыралог Беларусі”, у гэтым жа годзе арганізаваў першае шэсце “Дзяды” ў Мінску. У 1989-1998 гадах кіруе музеем імя Максіма Багдановіча, сумяшчаючы літаратуразнаўства з грамадскай дзейнасцю ў галіне правоў чалавека. У 1992-1996 гадах Алесь Бяляцкі быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў. У 1996 годзе стварыў і ўзначаліў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, а з 2007 года з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Лаўрэат Прэміі Свабоды імя Андрэя Сахарава і шэрагу іншых міжнародных прэмій. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Да ўзбуджэння крымінальнай справы двойчы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру.

Сутнасць прад'яўленага абвінавачання і яго абгрунтаванне

Сутнасць абвінавачання, прад'яўленага Алесю Бяляцкаму, зводзілася да таго, што ён нібыта схаваў даходы, атрыманыя ў 2007-2010 гадах “ад крыніцаў за межамі Рэспублікі Беларусь”, і наўмысна ўхіліўся ад выплаты падаходнага падатку з гэтых даходаў, што пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў выглядзе нявыплачанага падаходнага падатку на суму 352.274.360 рублёў.

Пад «даходамі Алеся Бяляцкага» разумеліся сумы, пералічаныя на працягу чатырох гадоў ад замежных праваабарончых арганізацый на два банкаўскія рахункі, адкрытыя на імя Бяляцкага ў банках Літвы і Польшчы. Пад “крыніцамі за межамі Рэспублікі Беларусь”, якія пералічвалі грошы на банкаўскія рахункі, разумеліся нейкія “нерэзідэнты”, аднак што ці хто такія гэтыя “нерэзідэнты” - з вуснаў абвінавачвання ні разу не прагучала. Не змагло абвінавачванне растлумачыць і тое, якія канкрэтна сумы, ад каго і калі былі пералічаныя, у якіх мэтах, дзе і кім расходваліся, як і не прагучала адказаў на шматлікія іншыя пытанні, якія паводле беларускага заканадаўства бок абвінавачвання абавязаны высвятляць. І хоць абвінавачванне карэктавалася нават у самім працэсе, яго фармулёўкі, аднак, так і засталіся вельмі расплывістымі, а пярэчанні абвінавачанага з гэтай нагоды не займелі эфекту.

У аснову крымінальнай справы леглі нейкія “звесткі пра рух сродкаў па банкаўскіх рахунках”, прадстаўленыя, па словах абвінавачвання, Літвой і Польшчай у парадку “міжнароднай прававой дапамогі”. Гэтыя “зьвесткі” з'яўляюцца асноўным і практычна адзіным доказам абвінавачвання і ўяўляюць сабой раздрукоўкі з электроннага носьбіта, якія выглядаюць як выпіскі руху сродкаў па банкаўскіх рахунках. Дадзеныя “выпіскі” нікім не завераны і не змацаваныя пячаткамі. Абвінавачваннем не былі прадстаўлены першасныя банкаўскія дакументы, па якіх можна было б судзіць аб адпаведнасці прадастаўленых звестак інфармацыі, якая знаходзіцца ў аперацыйных сістэмах банкаў. Таксама ў справе няма звестак, якія паказваюць на тое, якім чынам гэтыя “банкаўскія дакументы” апынуліся ў літоўскіх і польскіх уладаў. Пры гэтым сама па сабе працэдура аказання правай дапамогі парушаная. Больш за тое, Літва яшчэ ў канцы лета 2011 года афіцыйна заявіла пра недакладнасціь прадстаўленых звестак, і адпаведны ліст быў далучаны да справы ў судовым паседжанні.

На падставе звестак такой якасці падатковая інспекцыя склала паступленняі сродкаў на рахункі, расцаніла гэтыя сродкі як асабісты даход Алеся Бяляцкага і разлічыла падаходны падатак за розныя перыяды, які, на думку падатковай інспекцыі, павінен быў выплачвацца Алесем Бяляцкім. Як стала зразумела ў працэсе, падаткавікі асабліва не ўнікалі ў сутнасць гэтых звестак і нават не змаглі толкам патлумачыць змест дакументаў, не кажучы ўжо пра тое, што да разгляду справы ў судзе не ўся інфармацыя ў гэтых дакументах была перакладзеная з замежных моў. Напрыклад, адсутнічаў пераклад звестак пра мэты пералічэння сродкаў.

Такім чынам, не кажучы нават пра прыроду і прызначэнне грашовых сродкаў, якія нібыта паступілі на рахункі Алеся Бяляцкага, адзіны доказ абвінавачвання ніякай юрыдычнай сілы не меў першапачаткова. Аднак суд гэта праігнараваў, загадзя мяркуючы дакладнасць “звестак пра рух сродкаў па банкаўскіх рахунках”.

Але, безумоўна, пытанне не толькі ў несапраўднасці асноўнага «доказу» абвінавачвання.

Пазіцыя Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі ў судзе не пацвердзіў звесткі, якія змяшчаюцца ў “банкаўскіх выпісах”, паколькі яны атрыманы неправамерна, ніяк не засведчаны і могуць утрымліваць недакладную інфармацыю. Пры гэтым ён не адмаўляў наяўнасць рахункаў і атрыманне грашовых сродкаў ад замежных партнёраў ПЦ "Вясна", у тым ліку, міжнародных праваабарончых арганізацый. Аднак Алесь Бяляцкі падкрэсліваў, што дадзеныя сродкі не былі адрасаваныя асабіста яму, а выкарыстоўваліся па даручэнні гэтых арганізацый для ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці па шэрагу кірункаў, а менавіта: збор, апрацоўка і аналіз інфармацыі пра сітуацыю з выкананнем правоў чалавека ў РБ і іншых краінах, выданне літаратуры пра правы чалавека, правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў, праца грамадскіх прыёмных, маніторынг за выбарамі, дапамога ахвярам рэпрэсій і іншае.

Усе справаздачы і арыгіналы фінансавых дакументы прадстаўляліся гэтым арганізацыям, якія правяралі мэтавае расходванне прадастаўленых грашовых сродкаў. Звесткі аб прадастаўленні справаздач могуць быць запытаны ў арганізацый, якія пералічалі сродкі, пра што неаднаразова прасіла абарона яшчэ на следстве, а таксама ў судзе касацыйнай інстанцыі, аднак у выпатрабаванні звестак было адмоўлена.

Факты, устаноўленыя ў судзе

Спроба абвінавачванні прадставіць атрыманне Алесем Бяляцкім грашовых сродкаў у якасці асабістага даходу і даказаць іх расходаванне на свае асабістыя патрэбы і па сваім меркаванні не мела поспеху.

Не ўстаноўлена, што ў перыяд, за які Алесь Бяляцкі абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, ім была набыта якая-небудзь асабістая маёмасць. Пры гэтым прадстаўлены доказы, што ўся наяўная ў яго маёмасць набыта задоўга да пачатку крымінальнага пераследу, а ўсе выдаткі пацвярджаюцца задэклараванымі даходамі, што шматразова правяралася падатковымі інспекцыямі. Наадварот, суду былі прадстаўлены доказы таго, што сродкі, пералічаныя на рахунак Бяляцкага, прызначаліся і расходваліся выключна на мэты праваабарончай дзейнасці, якую праводзіў ПЦ "Вясна". Суд праігнараваў гэтыя доказы. Аднак і ў канчатковым абвінавачванні і ў прысудзе прызнаецца, што атрыманне Бяляцкім грашовых сродкаў ад крыніцаў за межамі РБ было звязана “з выкананнем ім ускладзеных у рамках дасягнутых дамоўленасцяў абавязкаў”, што з'яўляецца канстатаваннем выканання Бяляцкім пэўных даручэнняў. Паколькі ні пра якую іншую дзейнасць  А.Бяляцкага, акрамя праваабарончай, у працэсе гаворкі не было, то відавочна, што суд у прысудзе пагадзіўся з наяўнасцю дамоўленасцяў, звязаных менавіта з дзейнасцю па абароне правоў чалавека. У той жа час абароне неаднаразова адмоўлена ў хадайніцтвах пра выпатрабаванне звестак пра прычыны пералічэння і прызначэнне сродкаў, што сведчыць пра нежаданне прызнаваць рэальнае становішча рэчаў і невінаватасць Алеся Бяляцкага.

Такім чынам, Алесь Бяляцкі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і асуджаны за дзеянні, звязаныя з атрыманнем фінансавання на ажыццяўленне мірнай дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Ці адпавядае такая выснова суда падаткаваму заканадаўству РБ?

Паводле беларускага падаткавага заканадаўства сумы, атрыманыя грамадзянінам ад замежнай арганізацыі для выканання яе даручэння па перадачы гэтых сумаў іншым асобам, па ажыццяўленні  нейкіх разлікаў, аплаты за што-небудзь, не абкладаюцца падаходным падаткам (не з'яўляюцца аб'ектам падаткаабкладання і не цягнуць абавязак сплочваць падаходны падатак) .

Таму можна зрабіць выснову, што выконваючы даручэнні замежных арганізацый, Бяляцкі не атрымліваў падаткаабкладаемага даходу і ў яго не ўзнікала ніякіх абавязкаў па выплаце падаходнага падатку.

Заканадаўства ж не ўстанаўлівае, у якой форме павінна існаваць такое даручэнне, дапускаючы выкарыстоўваць любыя звесткі ў пацверджанне гэтага. І такія звесткі былі прадстаўленыя, але праігнараваныя судом.

Варта падкрэсліць, што прычына адкрыцця рахункаў за мяжой для фінансавання дзейнасці арганізацыі ў тым, што заканадаўства Беларусі ставіць умовы, пры якіх выкарыстанне сродкаў, атрыманых з замежных крыніцаў, істотна абмежавана альбо з'яўляецца наогул немагчымым. Так, заканадаўства адносіць любыя замежныя ахвяраванні да замежнай бязвыплатнай дапамогі і ўстанаўлівае, што такія сродкі можна атрымаць і выкарыстоўваць толькі з дазволу Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта РБ і на вузкі пералік мэтаў, дзе не названая праваабарончая дзейнасць і віды грамадскай актыўнасці, з якіх гэта дзейнасць складаецца. Пры гэтым дакладныя крытэрыі і працэдура атрымання такога дазволу не ўстаноўлены.

У прававой практыцы іншых дзяржаў, у тым ліку і на постсавецкай прасторы, такія абмежаванні для атрымання грамадскімі аб'яднаннямі замежнага фінансавання адсутнічаюць.

Паказальна, што паралельна з працэсам над праваабаронцам у Крымінальным кодэксе з'явіўся новая артыкул, якая ўстанаўлівае крымінальную адказнасць у сферы атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі - ст.369-2 КК, як бы «пра запас» і «на будучыню».

У працэсе над Алесем Бяляцкім выявіліся агульныя праблемы:
- магчымасці рэалізацыі ў Беларусі канстытуцыйнага права грамадзянаў на свабоду аб'яднанняў;
- выканання дзяржавай міжнародных абавязацельстваў;
- магчымасці ажыццяўлення ў Беларусі праваабарончай дзейнасці.
Пра права на аб'яднанне

Права на аб'яднанне гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і прызнана ў міжнароднай дамове Рэспублікі Беларусь - Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабарончая арганізацыя «Вясна-96» была створана ў 1996 годзе. У 1999 годзе зарэгістраваная як грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр "Вясна". Асноўнай мэтай дзейнасці аб'яднання з'яўляецца мірная дзейнасць па садзейнічанні фарміраванню грамадзянскай супольнасці, заснаванай на павазе да правоў чалавека, якія вынікаюць з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

28 кастрычніка 2003 рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр "Вясна" было пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі.

У адпаведнасці з меркаваннямі Камітэта па правах чалавека № 1296/2004 ад 7 жніўня 2007 г., спыненне дзейнасці ПЦ "Вясна" было прызнана парушэннем права на свабоду асацыяцыяў, якое Беларусь павінна забяспечваць у адпаведнасці са сваім абавязацельствам па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дзяржаве было прапанавана забяспечыць Алесю Бяляцкаму і іншым заснавальнікам арганізацыі адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю “Вясны” і кампенсацыю.

Гэтае рашэнне КПЧ не было выканана. У 2007 годзе Міністэрства юстыцыі РБ адмовілася аднавіць рэгістрацыю ПЦ "Вясна" на падставе Меркаваньняў Камітэта. Гэта з'яўляецца парушэннем абавязку дзяржавы па добрасумленным выкананні міжнароднай дамовы.

Наступныя дзве спробы ў 2009 годзе зарэгістраваць арганізацыю не мелі поспеху. Законам, які рэгулюе працэс рэгістрацыі, сфармуляваны занадта шырокія крытэрыі для прыняцця рашэння пра адмову ў рэгістрацыі, што дазволіла сфармаваць сістэмную практыку адмовы ў рэгістрацыі аб'яднанняў праваабарончай скіраванасці, асабліва тых, якія раней былі ліквідаваныя.

Улічваючы, што за дзейнасць ад імя незарэгістраванага грамадскага аб'яднання ў Беларусі ўстаноўлена крымінальная адказнасць, адмова ў рэгістрацыі пазбавіла заснавальнікаў ПЦ "Вясна" магчымасцяў дамагчыся ажыццяўлення мэтаў, указаных ва ўстаноўчых дакументах, і адпаведна, рэалізаваць іх правы.

Аднак гэта не адпавядае абавязку, прынятаму дзяржавай па міжнароднай дамове Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, - забяспечваць асобам, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй, правы, прадугледжаныя ў Пакце. Дзяржава не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнага і неад'емнага права. Такім чынам, можна сцвярджаць пра парушэнне дзяржавай права Алеся Бяляцкага і іншых заснавальнікаў ПЦ "Вясна" на аб'яднанне пры яго стварэнні.

Паколькі арганізацыя па віне дзяржавы была пастаўлена па-за прававое поле, яна была вымушана выбраць іншую форму дзейнасці і дзейнічаць як незарэгістраванае аб'яднанне.
 
Пра праваабарончую дзейнасць
 
У міжнародна-прававым рэгуляванні праваабарончая дзейнасць мае асаблівы статус і высокую ступень абароны. Гэта абумоўлена тым, што правы чалавека з'яўляюцца асновай годнасці і каштоўнасці чалавечай асобы. Прызнаючы гэта, дзяржавы сумесна і паасобку, прынялі на сябе абавязацельствы і адказнасць па заахвочванні і абароне правоў чалавека. Пры гэтым працэс рэалізацыі ў краінах міжнародных стандартаў правоў чалавека ў значнай ступені залежыць ад ўнёску асобных асобаў і групаў - праваабаронцаў. Права на абарону правоў чалавека і яго гарантыі замацаваны ў Дэкларацыі пра права і абавязкі асобных асобаў, групаў, органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя аб праваабаронцах).

Дэкларацыя прынята Генеральнай Асамблеяй ААН на аснове кансэнсусу і ўвасабляе ў сабе абавязацельствы дзяржаваў, заснаваныя на сяброўстве ў гэтай арганізацыі.

У Дэкларацыі замацаваныя, у прыватнасці, права весці праваабарончую працу індывідуальна і сумесна з іншымі, права ўтвараць асацыяцыі і няўрадавыя арганізацыі, права запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы для мэтаў абароны правоў чалавека (у тым ліку атрымліваць сродкі з-за мяжы). Пры гэтым ўнутранае заканадаўства дзяржаваў, якое адпавядае міжнародным стандартам, павінна забяспечваць рэалізацыю дадзеных правоў.

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае юрыдычных рамак і гарантый праваабарончай дзейнасці. Што ж тычыцца атрымання сродкаў з замежных крыніцаў, то ўнутранае заканадаўства ставіць непераадольныя абмежаванні для прыцягнення замежнага фінансавання для якіх-небудзь мэтаў, у тым ліку для праваабарончай працы.

Эфектыўнае ажыццяўленне дзейнасці любога аб'яднання, у тым ліку праваабарончага, немагчыма без прыцягнення сродкаў. Не маючы правасуб'ектнасці на тэрыторыі РБ (што азначае немагчымасць адкрываць банкаўскія рахункі) Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў форму свайго фінансавання пасродкам выкарыстання асабістых банкаўскіх рахункаў.

У выніку крымінальнага пераследу, у аснове якога ляжыць абвінавачванне ў выкарыстанні сродкаў з гэтых рахункаў, на кіраўніка ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага ўскладзена персанальная крымінальная адказнасць. Аднак ўстаноўлена, што ён дзейнічаў не ў асабістых інтарэсах, а ажыццяўляючы сваё права на аб'яднанне ў мэтах праваабарончай дзейнасці. Паколькі гаворка ідзе пра рэалізацыю канстытуцыйнага права і права, гарантаванага МПГПП, у такім выпадку дзяржаве (у асобе судовых органаў) трэба было разгледзець і строга прытрымлівацца тых падставаў, па якіх такое права можа быць абмежавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Пактам, а менавіта:
- законнасць прыцягнення да адказнасці;
- неабходнасць мер крымінальнай адказнасці для абароны дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб;
- прапарцыянальнасць мер адказнасці для дасягнення грамадска значных мэтаў.

Прынятае судом рашэнне не адпавядае дадзеным крытэрыям: яно не заснавана на ўнутраным падаткавым заканадаўстве, не паказвае, якія з інтарэсаў дасягаюцца прыцягненнем Алеся Бяляцкага да крымінальнай адказнасці, і не ўтрымлівае абгрунтавання, чаму менавіта крайняя мера адказнасці - пазбаўленне волі - з'яўляецца неабходнай і дастатковай для абароны меркаванага грамадскага інтарэсу ў дадзеным канкрэтным выпадку.

Такім чынам, трэба канстатаваць, што дзяржавай парушана права Алеся Бяляцкага на свабоду аб'яднанняў.

Пра захаванне гарантыяў пры заключэнні пад варту

Заключэнне Алеся Бяляцкага пад варту насіла адвольны характар, паколькі канкрэтнага абгрунтавання такой меры стрымання ні папярэдняе следства, ні суд не прывялі.

Абстрактныя фармулёўкі КПК без доказаў не даюць падстаў для заключэння пад варту. Пры гэтым трэба ўлічваць і тое, што А. Бяляцкі падазраваўся, а пасля - абвінавачваўся ў негвалтоўным злачынстве. Разгляд скаргаў на меру стрымання адбываўся ў яго адсутнасць, яго тлумачэнні нікога не цікавілі. Звесткі пра асобу і міжнароднае прызнанне ніяк не ўлічваліся. Сотні хадайніцтваў пра гатоўнасць людзей асабіста паручыцца за Алеся Бяляцкага былі адхіленыя з аднолькавай фармулёўкай. Той факт, што, ведаючы пра прэтэнзіі ІМПЗ, А. Бяляцкі неаднаразова аж да самага затрымання выязджаў і вяртаўся ў РБ, не ўлічваўся.

У першым судовым паседжанні, 2 лістапада, дзяржаўны абвінаваўца Сайкоўскі звярнуўся да абвінавачанага з “прамовай” пра тое, што, у залежнасці ад таго, якія ён будзе даваць паказанні і калі ён пакрые шкоду, то мера стрымання будзе зменена. Гэта абсалютна супярэчыць закону, бо пытанне пра меру стрымання не можа быць абумоўлены тым, як і якія паказанні дае абвінавачаны. Тым больш, на стадыі судовага разбору пытанне пра меру стрымання вырашаецца судом, а не пракурорам. Такім чынам, “прамова” пракурора прадэманстравала адсутнасць незалежнасці суда, як мінімум, у пытанні пра меру стрымання.

Пра судовы працэс

Судовы працэс, у выніку якога Алесю Бяляцкаму вынесены прысуд, не з'яўляўся справядлівым. Пра гэта сведчаць:

- Парушэнне гарантый прэзумпцыі невінаватасці

З моманту затрымання Алеся Бяляцкага ў дзяржаўных СМІ была разгорнута кампанія, скіраваная на яго дыскрэдытацыю ў вачах грамадскасці. У шматлікіх публікацыях дзяржаўных газет і рэпартажах дзяржаўнага тэлебачання прама заяўлялася, што ён ухіляўся ад выплаты падаткаў і падмануў дзяржаву, з'яўляўся “захавальнікам апазіцыйнага абшчаку”, гаварылася пра “фінансавыя махінацыі”, якія нібыта мелі месца, і г.д.

Пасля вынясення прысуду, але да ўступлення яго ў законную сілу, А. Лукашэнка пры адказе на пытанні журналістаў падчас наведвання Івацэвіцкага раёна даў каментар, сутнасць якога зводзіцца да таго, што ён лічыць прысуд суду мяккім па прызначаным пакаранні.

Такія заявы не адпавядаюць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, у адпаведнасці з якім чалавек лічыцца невінаватым да ўступлення прысуду суда ў законную сілу. Парушэнне гэтага прынцыпу магло аказаць альбо аказала ўплыў на бесстароннасць суда пры разглядзе справы ў першай і касацыйнай інстанцыях.

Падчас судовага разбору Алесь Бяляцкі ўтрымліваўся ў клетцы, што загадзя выстаўляла яго ў вачах грамадскасці як небяспечнага злачынцу.

Як вынікае з прысуду, факт непрадастаўлення Алесем Бяляцкім дакументаў пра расходванне грашовых сродкаў з яго рахункаў пакладзены ў аснову высноваў пра яго вінаватасць. Тым самым на абвінавачанага ўскладзены цяжар даказвання яго невінаватасці, што супярэчыць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці.

 - Парушэнне прынцыпу спаборнасці, права на роўнасць перад судом

Алесь Бяляцкі, знаходзячыся пад вартай у следчым ізалятары, аб'ектыўна не мог валодаць пэўнымі звесткамі і дакументамі пра атрыманне і расходаванне грашовых сродкаў. У той жа час, ён патлумачыў у судзе, што арыгіналы фінансавых і справаздачных дакументаў задоўга да пачатку праверачных мерапрыемстваў перадаваліся замежным арганізацыям, якія пералічвалі грашовыя сродкі. Нават з прадстаўленых абвінавачваннем “звестак пра рух сродкаў па рахунках” было відаць, што гэтыя сродкі прызначаліся не Алесю Бяляцкаму, а для дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Каб атрымаць доказы гэтага, на працягу ўсяго крымінальнага працэсу, у тым ліку, і ў касацыйнай інстанцыі, Бяляцкім і абаронай заяўляліся хадайніцтвы пра выпатрабаваньне ў арганізацый, якія накіроўвалі сродкі, звестак пра мэтавае прызначэнне і выкарыстанне гэтых сродкаў. Гэтыя хадайніцтвы былі адхіленыя, што паставіла бок абароны ў няроўнае становішча з бокам абвінавачвання ў пытанні прадастаўлення доказаў.

- Парушэнне права на абарону

Адным з элементаў права на абарону з'яўляецца права асобы ведаць, у чым яна падазраецца або абвінавачваецца, г.зн. права ведаць, на якіх устаноўленых фактах заснавана абвінавачванне. Наяўнасць такога права абумоўлена як мінімум тым, што, не ведаючы канкрэтнай сутнасці абвінавачання, асоба не можа прыводзіць довады ў сваю абарону.

Права на абарону Алеся Бяляцкага было парушана, бо прысуд суда вынесены на падставе расплывістых фармулёвак абвінавачання.

Алесь Бяляцкі быў абвінавачаны ва ўтойванні і ўхіленні ад выплаты падаткаў з паступіўшых на банкаўскія рахункі грашовых сродкаў. Аднак у абвінавачванні не было паказана, калі, у якой суме і з якой мэтай пералічаныя грошы. Не ўказвалася ў абвінавачванні і тое, як распарадзіўся Алесь Бяляцкі паступіўшымі сродкамі, г.зн. іх далейшы лёс. Адпаведна, не зразумела, на падставе якіх дадзеных разлічана сума інкрымінуемай “шкоды”. Але галоўнае ў тым, што ў абвінавачванні ніколі не паказвалася, ад каго пералічаныя грошы - гэта значыць, хто ж з'яўляецца крыніцай даходу?

Неканкрэтнасць прад'яўленага абвінавачання пазбавіла Алеся Бяляцкага магчымасці прыводзіць довады ў сваю абарону, што сведчыць пра парушэнне права на абарону.

- Відавочна адвольны характар у ацэнцы фактаў і доказаў

Засноўваючы свае высновы на недапушчальных і недастатковых доказах, суд, у той жа час, праігнараваў шэраг істотных звестак, прадстаўленых у працэсе. Так, ніякай прававой ацэнкі не атрымалі доказы невінаватасці Алеся Бяляцкага, у прыватнасці:
• дакументы замежных арганізацый, якія пацвярджаюць, што сродкі, якія паступілі ад іх на рахунак А. Бяляцкага, накіроўваліся не асабіста яму, а для дзейнасці ПЦ "Вясна", і прадстаўлены справаздачы за іх расходаванне;
• паказанні сведак пра тое, што А. Бяляцкі перадаваў трэцім асобам грашовыя сродкі, атрыманыя ад замежных арганізацый, пералічыўшых сродкі;
• узоры друкаваных выданняў як прыклад выніку той дзейнасці, на якую замежнымі арганізацыямі накіроўвалася фінансаванне;
• звесткі ў банкаўскіх выпісках аб пералічэнні сродкаў на розныя мэты праваабарончай дзейнасці;
• звесткі аб міжнародным прызнанні дзейнасці А. Бяляцкага і яго ўнёсак у развіццё беларускай культуры як абставіны, якія маюць значэнне для абрання меры пакарання;
• афіцыйную пісьмовую заяву Літвы пра недакладнасць перададзеных у парадку міжнароднай прававой дапамогі звестак, а таксама паказанні сведак пра несапраўднасць банкаўскіх выпісак.

Акрамя таго, відавочна парушэнне закона пры прымяненні канфіскацыі маёмасці: канфіскаваная ўся нерухомасць, уключаючы кватэру, на якую па законе ні пры якіх умовах не можа быць накладзена спагнанне, паколькі яна з'яўляецца адзіным месцам жыхарства. Таксама канфіскаваная і тая доля ў маёмасці, якая не належыць Алесю Бяляцкаму.

Касацыйная інстанцыя не змяніла свой падыход да вызначэння грамадска небяспечных дзеянняў і прызначанага пакарання нават пры прадастаўленні фінансавых гарантый яго выканання - унясення на дэпазітны рахунак суда Першамайскага раёна горада Мінска грашовай сумы ў памеры 757.526.717 рублёў для забеспячэнне выканання прысуду ў дачыненні да А.В. Бяляцкага ў частцы маёмаснага спагнання.

Такім чынам, нават пры тым, што фінансавыя прэтэнзіі дзяржавы поўнасцю задаволены, Алесь Бяляцкі пазбаўлены асабістай свабоды.

- Парушэнне права прыняць суд у прысутнасці

Стандартам справядлівага судовага разбіральніцтва з'яўляецца права прыняць суд у сваёй прысутнасці. Алесь Бяляцкі не быў выкліканы ў суд касацыйнай інстанцыі, нягледзячы на ​​тое, што на імя суда ім было пададзена хадайніцтва пра дастаўленне ў суд для дачы тлумачэнняў і адпаведнае хадайніцтва заяўлялася абаронай пры разглядзе справы ў Мінскім гарадскім судзе, у чым было адмоўлена. Тым самым Алесь Бяляцкі быў пазбаўлены магчымасці непасрэднага ўдзелу ў судовым разглядзе.

Такім чынам, трэба прыйсці да высновы, што Алесь Бяляцкі асуджаны па складзе крымінальнага злачынства і прысуджаны да працяглага тэрміна пазбаўлення волі на падставе неабгрунтаванага абвінавачвання і ў выніку несправядлівай судовай працэдуры. Відавочна таксама парушэнне дзяржавай яго канстытуцыйных правоў.
    
Лічым, што апісаныя дзеянні дзяржаўных органаў і СМІ маюць на мэце разбурыць рэпутацыю Алеся Бяляцкага як асобы, дыскрэдытаваць у Беларусі саму ідэю праваабарончай дзейнасці і перашкодзіць далейшай працы арганізацый і індывідуальных асобаў па абароне правоў чалавека ў нашай краіне.

Аднак ПЦ "Вясна" працягвае сваю працу. Алесь Бяляцкі з'яўляецца асобай еўрапейскага маштабу, яго ўклад у развіццё беларускай культуры і праваабарончая дзейнасць непарыўна звязаныя. І спроба зганьбіць яго імя і намаганні па абароне правоў чалавека ў Беларусі шляхам несправядлівага абвінавачвання загадзя асуджаная на правал.

У абарону Алеся Бяляцкага і з патрабаваннямі пра яго вызваленне выступілі:

Amnesty International
CIVICUS
Civil Rights Defenders
Front Line
Human Rights House Network
Human Rights Watch
IDEA-Еўразія
Libereco - Partnership for Human Rights
Östgruppen

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі ПЭН-цэнтр
Дацкі інстытут па правах чалавека
Дэлегаты пазачарговай канферэнцыі беларусаў краін Балтыі і Беларусі
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека
Міжнароднае таварыства «Мемарыял»
Міжнародны няўрадавы Каардынацыйны камітэт Супольнасці дэмакратый (ISC/CD)
Міжнародны ПЭН-клуб
Міністэрства замежных спраў Францыі
Міністэрства замежных спраў Чэхіі
Нарвежскі Хельсінкскі камітэт
Парламенцкая Асамблея АБСЕ
Рабочая група па справах Беларусі пры Групе «Замежжа»
Рэспубліканскі інстытут Грузіі
Сябры Савета пры Прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека
Чэшскі Хельсінкскі камітэт

Андрэс Херкель, дакладчык ПАРЕ па Беларусі
Аун Сан Су Чжы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1991)
Бертран Деланоэ, мэр Парыжа
Ежы Бузэк, Старшыня Еўрапарламента (з ліпеня 2009 па студзень 2012)
Кэтрын Эштан, Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах
Марцін Шульц, Старшыня Еўрапарламента (са студзеня 2012)
Стэфан Эсэль, сааўтар Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека
Томас Хамарберг, Камісар Савета Еўропы па правах чалавека
Шырын Эбадзі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (2003)
Штэфан Фюле, Камісар Еўрасаюза па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі добрасуседства
Эйман Гілмар, Старшыня АБСЕ
і іншыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства